У «Чорнай кнізе Беларусі» доўга дзейнічаў агент ГУБАЗіКу. Каго з-за яго затрымалі?

Дзевяць месяцаў у «Чорнай кнізе Беларусі» быў агент ГУБАЗіКу. Праз яго былі затрыманы многія людзі, якія перадавалі інфармацыю «ЧКБ». «Св*бода» паглядзела, што вядома пра гэтых людзей і якія тэрміны яны атрымалі.

img_0843_1_logo_1_logo.jpg

У ліпені 2022 году Сьледчы камітэт распаўсюдзіў прэс-рэліз, што ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па «Чорнай кнізе Беларусі» затрымана каля 20 чалавек. Паводле СК, «група тэхнічнай падтрымкі» каналу налічвала дзясяткі чалавек — у тым ліку работнікаў дзяржаўных органаў, былых праваахоўнікаў і асобаў, якія мелі доступ да асабістых зьвестак беларусаў. Менавіта яны «зьлівалі» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў.

«Чорная кніга Беларусі» паўстала ў верасьні 2020 году ў адказ на гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У аднайменным тэлеграм-канале публікаваліся асабістыя даныя людзей, якія спрычыніліся да фальсыфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў.

Ня так даўно стала вядома, што ў праект «Чорная кніга Беларусі» амаль ад моманту стварэньня быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко, які адпрацаваў у «ЧКБ» дзевяць месяцаў. Гайко меў зьвесткі пра людзей, якія дасылалі ў чат-бот «ЧКБ» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў. Выявілі яго толькі ў траўні 2021 году.

«Св*бода» паглядзела, пра якія затрыманьні вядома ў рамках гэтай крымінальнай справы.

Зьміцер Падрэз

Зьміцер Падрэз

Зьміцер Падрэз

Айцішнік, а таксама стрыт-арт-мастак. Быў затрыманы ў ліпені 2021 году, у хуткім часе пасьля раскрыцьця асобы Гайко. Праваабаронцы адзначалі, што пры затрыманьні зь яго зьдзекаваліся і білі яго. Да Падрэза ў кватэру сілавікі трапілі праз вокны, спусьціўшыся па вяроўках.

Пазьней зьявіліся сьведчаньні, што пры затрыманьні ў кватэры Падрэза сілавікі рэзалі карціны, разьбілі стары ноўтбук. Калі прыбыў ГУБАЗіК, то ад іх затрыманы пачуў: «Сардэчна запрашаем у гестапа».

Суд адбываўся пры закрытых дзьвярах. 15 сакавіка 2022 году Падрэзу агучылі вырак — сем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён у калёніі ў Магілёве.


Сяргей Петрушэнка

Сяргей Петрушэнка

Сяргей Петрушэнка

Тэлеграм-каналы, блізкія да ГУБАЗіКу, наўпрост паведамлялі, што Петрушэнку ўдалося выявіць дзякуючы дзейнасьці іх супрацоўніка, які быў укаранёны ў працу «Чорнай кнігі Беларусі». Сяргей Петрушэнка — у мінулым работнік «Менскага гарадзкога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастры».

Генэральная пракуратура пісала пра Петрушэнку, што ён ад верасьня 2020 да чэрвеня 2021 году (у гэты месяц якраз яго затрымалі) перадаваў адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі» зьвесткі пра судзьдзяў, работнікаў пракуратуры, Сьледчага камітэту і МУС.

У жніўні 2022 году Петрушэнку асудзілі на 6,5 гадоў калёніі. Цяпер ён у СІЗА ў Баранавічах.

Натальля Лашч

Натальля Лашч

Натальля Лашч

Былая работніца пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску, затрыманая ў жніўні 2022 году за «зьліў» пэрсанальных даных у «Чорную кнігу Беларусі», пра гэта справаздачылася Генэральная пракуратура. Апошнім часам працавала ў сфэры ІТ. Супраць Лашч завялі крымінальную справу па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу «Распальваньне варожасьці». Трымаюць яе ў СІЗА на Валадарскага.

Андрэй Гарун

Андрэй Гарун

Андрэй Гарун

У мінулым быў сілавіком. Перад затрыманьнем працаваў у EPAM. Затрыманы ў кастрычніку 2021 году за перадачу пэрсанальных даных тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі». Суд яшчэ не адбыўся, трымаюць Гаруна ў СІЗА на Валадарскага.

Сьвятлана Бычкоўская

Сьвятлана Бычкоўская

Сьвятлана Бычкоўская

Жанчына працавала ў службе «Адно акно» Кастрычніцкага раёну Менску. У відэа, якое здымалі сілавікі, Бычкоўская казала, што перадавала даныя «Чорнай кнізе Беларусі». Супраць яе завялі крымінальную справу па артыкуле 130 КК «Распальваньне варожасьці», як і супраць іншых фігурантаў справы. Праваабаронцам пакуль невядома пра суд над затрыманай.

Васіль Ермакоў

У мінулым вядучы эканаміст банку БелВЭБ. Затрыманы ў ліпені 2022 году. У пакаяльным відэа Ермакоў казаў, што перадаваў даныя адмінам «Чорнай кнігі Беларусі». Суд над ім яшчэ не адбыўся.

Начальнік аддзелу маркетынгу Life

05a80000_0aff_0242_d5bd_08dab1e1bb93_w650_r0_s.webp

У лютым 2022 году ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманьне начальніка аддзелу маркетынгу і распрацоўнікі апэратара мабільнай сувязі Life. Яго абвінавачвалі ў зьліве пэрсанальных даных сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў. Супраць 31-гадовага мэнэджара завялі крымінальную справу за распальваньне варожасьці. Ягонага імя не называлі ні сілавікі, ні праваабаронцы. Суд пакуль што не адбыўся.