У дачыненні да Алеся Ліпая спынілі крымінальную справу

Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску спыніла папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

lipaj1_ejma3.png


У пастанове, датаванай 12 верасня, гаворыцца, што расследаванне падлягае спыненню на падставе пункта 7 часткi 1 артыкула 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (абставіны, якія выключаюць вытворчасць па крымінальнай справе, — у дачыненні да памерлага), піша baj.by са спасылкай на БелаПАН.
Справа была распачата 12 чэрвеня гэтага года ўпраўленнем дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінску і Мінскай вобласці па факце наўмыснага ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры за 2016-2017 гады. У ДФР заявілі, што Алесь Ліпай, атрымаўшы ад нерэзідэнтаў Беларусі даход на агульную суму больш як 1,3 млн рублёў у эквіваленце, наўмысна не выплаціў падаходны падатак на агульную суму больш як 173 тыс.рублёў
Пасля выяўлення дадзенага факту Алесь Ліпай прызнаў парушэнне заканадаўства і 12 чэрвеня выплаціў падаходны падатак і пеню ў памеры больш за 191 тыс. рублёў.
Тэрмін папярэдняга расследавання крымінальнай справы быў працягнуты 12 жніўня на месяц, а 23 чысла Алесь Ліпай сканаў.