Супрацоўнікаў інфармагенцтва БелаПАН масава выклікаюць на допыты па «справе БелТА»

На гэтым тыдні на допыты ў Следчы камітэт выкліканыя адразу шасцёра супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Фота sk.gov.by

Фота sk.gov.by

На 27 верасня ў Следчы камітэт у якасці сведкаў па “справе БелТА” выклікаюць Дзмітрыя Наважылава і Рамана Салікава, а таксама падазраваную па справе Таццяну Каравянкову. 28 верасня на допыт мусіць явіцца яшчэ адна падазраваная па справе — галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына.
На допытах у якасці сведкаў на гэтым тыдні таксама пабывалі журналісты інфармацыйнага агенцтва Сяргей Каралевіч і Аляксей Аляксандраў, а перад гэтым 21 верасня — рэдактар Андрэй Серада.
Нагадаем, што 7 жніўня Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".
"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміла 7 жніўня прэс-служба СК.
У рэдакцыях незалежных СМІ і ў некаторых журналістаў і рэдактараў 7—9 жніўня прайшлі вобыскі. Былі таксама затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, рэдактары ТАА "ТутБай Медыя" Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Павел Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра неразгалошванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
На дадзены момант падазраванымі па "справе БелТА" з'яўляюцца дзесяць журналістаў.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы і ЗША.
Учора фігурант «справы БелТА» журналіст TUT.BY Дзмітрый Бобрык у сваім фэйсбуку паведаміў, што падпісаў паперу аб супрацоўніцтве з органамі.
baj.by