Юрый Зісер пракаментаваў прызнанне ў вярбоўцы журналіста TUT.BY

Заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер у сваім фэйсбуку пракаментаваў сітуацыю з прызнаннем журналіста парталу Дзмітрыя Бобрыка, які паведаміў, што ў Следчым камітэце яго шантажом завербавалі.

Ілюстратыўная выява з адкрытых крыніц

Ілюстратыўная выява з адкрытых крыніц

«Мая падтрымка Дзмітрыю за мужнасць, сумленнасць і чыстае сумленне! Што ж, калі хутка (або няхутка — сілавікі ўмеюць помсціць з адтэрміноўкай) мы даведаемся, што Дзіму затрымалі за лаянку матам, п'яную бойку ці наркотыкі са зброяй, альбо пачуем пра звальненне яго родных або блізкіх, а таксама рэпрэсіі супраць яго сяброў, адразу будзе зразумела, хто за гэтым стаіць і чаму», — напісаў Юрый Зісер.
Учора фігурант «справы БелТА» журналіст TUT.BY Дзмітрый Бобрык у сваім фэйсбуку паведаміў, што падпісаў паперу аб супрацоўніцтве з органамі.
«Пасля трохгадзіннага ператрусу ў кватэры 7 жніўня мяне адвезлі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта. Менавіта ў будынку СК, дзе мяне пратрымалі да позняга вечара, я дазволіў сабе праявіць слабасць, збаяцца. Тут у адрас паступалі прамыя пагрозы — у мой адрас, і ў адрас маіх родных і блізкіх. Спачатку мне паабяцалі раскрыць дэталі асабістага жыцця, калі адмоўлюся ад супрацоўніцтва. А скончылася пагрозамі ў адрас родных, якія могуць пацярпець. Тут мяне закалаціла, мне пагражалі самым важным у жыцці. Я напісаў паперу аб супрацоўніцтве.
Яшчэ седзячы ў СК зразумеў, што не стану гэтага рабіць — супрацоўнічаць. Не змагу пасля гэтага глядзець на сябе ў люстэрка»
, — напісаў журналіст.
Адметна, што напярэдадні філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч у сваім фэйсбуку згадаў «справу БелТА» і выказаў меркаванне, што ціск на незалежныя СМІ мае на мэце вярбоўку іх супрацоўнікаў.
«І што ж рабіць у такой сітуацыі? Мне вядомы толькі адзін сродак супраць таемных структур і спецслужбаў — галоснасць!», — напісаў Мацкевіч.