У дачыненні да фігуранта закрытай «справы патрыётаў» пачалі новую справу

Супраць былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў ("справы патрыётаў") Андрэя Бяляўскага ўзбуджаная крымінальная справа: нібыта, пад час ператрусу пры затрыманні ў яго быў знойдзены агнястрэльны боепрыпас.

Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.

Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.

Як стала вядома праваабаронцам, справа ўзбуджаная 27 лістапада цэнтральным апаратам Следчага камітэту РБ, піша spring96.org. Менавіта ў гэты дзень СК “паставіў кропку” і спыніў крымінальны пераслед усіх фігурантаў справы так званага «Белага легіёну». Аднак з’явіліся новыя акалічнасці.
Па неафіцыйнай інфармацыі, ёсць яшчэ адзін падазраваны ў захоўванні боепрыпасаў з ліку тых, каго падазравалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Сітуацыя высвятляецца.
Магчымае пакаранне па гэтым артыкуле – папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Мастак-дызайнер з Мінска Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка і абвінавачаны па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках". Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня.