У Гомелі абвінавачанаму з інваліднасцю ў перадінсультным стане прысудзіілі тры гады «хатняй хіміі» за адно слова ў «Аднакласніках»
Прысуд абвясцілі 9 снежня. Праваабаронцам падрабязнасці гэтага судовага пасяджэння сталі вядомыя крыху пазней. Не расказаць пра іх «Вясна» не магла.
![Суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля Суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля](/img/v1/images/kaneuskaja_sud_gomel_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля
Судовае пасяджэнне ўзначальваў суддзя Шаршнёў, бок дзяржабвінавачання прадстаўляў пракурор Фартушняк. Падсудны свае правы на судзе спрабаваў абараніць самастойна.
Вядома, што абвінавачанаму Аляксандру Юранаву 57 гадоў, у яго трэцяя непрацоўная група інваліднасці. Мужчына даглядае амаль сляпога 83-гадовага бацьку, а незадоўга да суда ён адмовіўся ад шпіталізацыі ў сувязі з перадінсультным станам, бо хацеў асабіста ўдзельнічаць на судовым пасяджэнні па сваёй справе.
Мужчыну абвінавачваюць у тым, што вясной 2020 года пад фотаздымкам супрацоўніка міліцыі Войніча, які быў размешчаны ў «Аднакласніках», ён пакінуў каментар з аднаго слова. Абвінавачанне ў «публічнай абразе службовай асобы» (арт. 369 КК РБ) Аляксандру Анатольевічу прад'явілі яшчэ ў сакавіку гэтага года.
Пацярпелы супрацоўнік міліцыі падаў грамадзянскі пазоў аб спагнанні з Юранава кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1 500 рублёў. У сваёй заяве ён напісаў, што пакінуты абвінавачаным каментар нанёс яму моцныя маральныя пакуты.
Падчас судовага пасяджэння суддзя настаяў, каб у абвінавачанага ўсё ж быў абаронца. Спецыяльна дзеля Аляксандра Юранава ён падкрэсліў, што паслугі абаронцы будуць бясплатнымі. Той пагадзіўся.
Судовае пасяджэнне аднавілі адразу пасля таго, як да Аляксандра Юранава прыехаў адвакат — праз некалькі гадзін. Адразу пасля гэтага пракурор выставіў хадайніцтва аб працягу пасяджэння ў выязным фармаце — у будынку РАУС Чыгуначнага раёна Гомеля ў прысутнасці гледачоў.
Аляксандр Юранаў выказаўся супраць пасяджэння ў выязным фармаце. Яго адвакат таксама палічыў судовае пасяджэнне ў прапанаваным пракурорам фармаце немэтазгодным.
Нягледзячы на гэта, суд задаволіў хадайніцтва пракурора, таму судовае пасяджэнне працягнулася ў РАУС Чыгуначнага раёна раёна Гомеля. У той жа дзень суд абвясціў рашэнне па справе Аляксандра Юранава.
Мужчыну прызналі вінаватым і прысудзілі яму тры гады «хатняй хіміі». Кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу суд пастанавіў пакрыць у поўным аб'ёме — выплаціць 1500 рублёў міліцыянту плюс 87 рублёў дзяржпошліны.
Цікава, што ў якасці гледачоў на паказальным судовым пасяджэнні, у асноўным, былі людзі, якія ужо мелі праблемы з законам і стаяць на розных уліках. Прысутнічалі нават журналісты Першага канала Гомельскага тэлебачання, але здымалі толькі гледачоў, бо на здымкі іншых удзельнікаў судовага працэсу ў іх не было дазволу.