Былую міністарку ў Даніі асудзілі на два месяцы турмы за разлучэнне мігранцкіх пар
Экс-міністарку па справах іміграцыі Даніі прызналі вінаватай у разлучэнні пар мігрантаў. Інгер Стойберг, якая ўзначальвала міністэрства з 2015 па 2019 год, асудзілі на два месяцы пазбаўлення волі за разлучэнне 23 пар непаўналетніх мігрантаў, піша «Радыё Свабода».
![Інгер Стойберг Інгер Стойберг](/img/v1/images/98eb3f01_2bb2_4a0c_9425_941e53c807f3_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Інгер Стойберг
«Прайграла не толькі я, але прайгралі і дацкія каштоўнасці», — сказала Стойберг журналістам пасля прысуду Вярхоўнага суда Даніі, дадаўшы, што прымае пакаранне, але не раскайваецца.
Падчас свайго знаходжання на пасадзе Стойберг заняла жорсткую пазіцыю ў пытанні іміграцыі і ўвяла дзясяткі абмежаванняў, паведамляе «Бі-Бі-Сі». Сярод іх быў і загад ад 2016 года аб тым, што ўцекачы, якім не споўнілася 18 гадоў і якія знаходзяцца ў шлюбе, не павінны жыць разам.