У Гомелі і Магілёве «замініравалі» больш за 10 школ
21 красавіка толькі ў Гомелі прыйшлі паведамленні пра «міны» ў дзесяці школах.
«Зранку патэлефанаваў сын, сказаў, што заняткі адмененыя: школа "замініраваная"», — паведаміла чытачка «Радыё Свабода» пра 21-ю школу Гомеля.
Пасля прыйшлі паведамленні пра такія ж надзвычайныя сітуацыі ў школах №№ 1, 8, 9, 15, 49, 57, 59, 62, 72.
У Магілёве сапёрна-піратэхнічную машыну заўважылі каля школы №41. Потым стала вядома, што такія паведамленні атрымалі яшчэ некалькі навучальных устаноў.
«У 46-й школе праз унутраную сувязь загадалі ўсім пакінуць будынак», — расказалі чытачы.
У Гомелі падобныя лісты на электронную пошту школ пачалі атрымліваць з 28 лютага. «Мініравалі», як правіла, па некалькі школ бліжэй да вечара.
Супрацоўнікі школ у Цэнтральным раёне Гомеля паскардзіліся «Свабодзе», што праз «мініраванні» іх выклікалі начамі ў школы, там працавалі сапёры і іншыя спецыялісты, а адміністрацыя школ мусіла ноч там сядзець і потым яшчэ запаўняць неабходныя дакументы.
Следчыя пачалі крымінальныя справы за гэтыя «заведама ілжывыя паведамленні».