У Гомелі ўсё ж вырашылі ставіць «залаты» флагшток

Гомельскія ўлады ўсё ж вырашылі вярнуцца да будаўніцтва «залатога» флагштока, паведамляе Еўрарадыё

Фота: Гомельская праўда

Фота: Гомельская праўда

Пра гэта на прыёме ў старшыні Камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Гайкевіча даведаўся мясцовы актывіст і інжынер-будаўнік Станіслаў Сляпухін, піша сайт «Флагшток».
Як распавядала раней Еўрарадыё, на замену пліткі на плошчы Леніна і ўзвядзенне 60-метровага флагштока з гарадскога бюджэту вылучылі 1,5 мільёна рублёў. Гэта будзе чацвёрты флагшток — побач ёсць яшчэ тры: з гербам Гомеля, гербам вобласці і дзяржаўным сцягам.
У траўні праект затармазіўся. Будпляцоўку на месцы флагштока зраўнялі з зямлёй. А прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава пацвердзіла Еўрарадыё, што ўзвядзенне флагштока працягвацца не будзе.
Цяпер жа, як заявіў Гайкевіч, інжынерныя камунікацыі цеплатрасы ўжо замененыя і гарадскія ўлады чакаюць ўзгаднення дакументаў у Міністэрстве культуры. Пасля гэтага будаўніцтва флагштока працягнецца.
Чыноўнік падкрэсліў, што флагшток мае важнае значэнне, бо ён будзе дэманстраваць дзяржаўную сімволіку. Пры гэтым Гайкевіч заявіў, быццам праект рэалізуецца не за бюджэтныя сродкі. Але не ўдакладніў, за чые менавіта.