У Гродне лекара-неўролага асудзілі да 4 гадоў калоніі. На судзе ён заявіў пра збіццё
«Хіба трэба быць экспертам, каб зразумець, што той, хто збівае нагамі жанчыну, якая ляжыць на зямлі, такім чынам не ахоўвае закон? Хіба трэба быць экспертам, каб зразумець, што страляе ў спіну з пнеўматычнай зброі не ахоўвае грамадскі парадак? Хіба трэба быць экспертам, каб зразумець, што супрацоўнік, які хапае дзяўчыну з відавочнымі прыкметамі цяжарнасці, якая відавочна не ўяўляе небяспекі, перавышае свае службовыя паўнамоцтвы?» — сказаў у апошнім слове на судзе Аляксандр Цялега.
У судзе Ленінскага раёна Гродна 21 студзеня абвесцілі прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволенага нарколага Аляксандра Цялегі. Лекар працаваў у Нарыльску, а на радзіму прыехаў у адпачынак. Трэцяга траўня мінулага года Аляксандра затрымалі ў Барысаве за каментары ў сацсетках і змясцілі пад варту ў гродзенскую турму, дзе ён утрымліваецца і па сённяшні дзень.
Дзеянні Аляксандра Цялегі кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 391 (абраза суддзі).
На судзе стала вядома, што ён пакінуў 32 каментары ў дачыненні да чыноўнікаў, сярод іх — камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба, памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык, суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Марыя Ярохіна, намеснік генпракурора Аляксей Стук. Аляксандр растлумачыў на судзе, што ён валанцёрыў пад Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў, таму яго перапаўнялі эмоцыі і ён так шмат каментаваў. На судзе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні.
У выніку, суддзя Ганна Леўсік прызнала палітвязня вінаватым і асудзіла да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў у суда пракурор Ефімовіч.
У чым абвінавацілі доктара?
Пацярпелымі па справе прызнаныя 32 прадстаўнікі ўлады. Сярод іх: оперупаўнаважаны Івацэвіцкага РУУС Куцко Р.В., участковы Горацкага РАУС Міронаў М.У., начальніца ІСН Барысаўскага РУУС Ермалінская Н.Б., камандзір аддзялення гродзенскага АМАПа Скобля А.У., намеснік камандзіра роты спецыяльнага прызначэння забеспячэння спецыяльных аперацый па ідэалагічнай працы ВЧ 3214 Дзеравяшка У.А., участковы Савецкага ГУУС Мінска Варанкоў М.С., курсант факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі Заненка С.В, оперупаўнаважаны 2-га ўпраўлення ГУБАЗіК Бабровіч А.В, памочнік пракурора Брэста Дайнека М.М., начальнік Савецкага РУУС Мінска Качук І.У., супрацоўнікі АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Бекеш А.А., Багдановіч А.С., Атрасевіч В.А., Макштарова К.А., Анцухоў Д.І., Альшэўскі Д.М., Дукій В.У., Прымак А.А., жонка экс-міністра МУС Караева Т.М, оперупаўнаважаныя 11-га ўпраўлення па Магілёўскай вобласці ГУБАЗіК Азарэвіч Ю.А. і Фурманаў А.У., супрацоўнік магілёўскага АМАПа Сапранькоў М.М., супрацоўнікі гродзенскага АМАПа Кунке Д.А. і Краўцова В.П., супрацоўніца Баранавіцкага ГАУС Едман І.Н.
Ці прызнаў віну палітвязень?
На працэсе Цялега прызнаў віну па артыкулах 369 і 391 Крымінальнага кодэкса. Па артыкуле 364 КК віну не прызнаў. Аляксандр казаў, што дапамагаў валанцёрам на Акрэсціна, яго перапаўнялі эмоцыі, і ён так шмат каментаваў. Раней ён працаваў ваенным лекарам. Аляксандр выказаў меркаванне, што калі сілавікі такія і "далікатныя", то іх нельга браць на службу. Палітвязень цвёрда адмаўляе віну па эпізодах пра пагрозу гвалту, паколькі "знаходзіўся ў трох тысячах кіламетраў ад Беларусі".
"Заслужыў павагу і аўтарытэт супрацоўнікаў" — характарыстыка з месца працы
На судзе агучылі службовую характарыстыку на лекара медчасткі ў Нарыльску Аляксандра Целягі — яна цалкам станоўчая. У прыватнасці, у ёй гаворыцца, што ён "з'яўляўся адказным выканаўчым супрацоўнікам, выконваў патрабаванні начальства, пастаянна павышаў кваліфікацыю, праходзіў курсы перападрыхтоўкі, выконваў правілы медыцынскай этыкі, заслужыў павагу і аўтарытэт супрацоўнікаў, да дысцыплінарнай адказнасці не прыцягваўся, шкодных звычак не мае".
Што казалі пацярпелыя на судзе?
У першы дзень суда 7 снежня дапыталі пацярпелага — 27-гадовага намесніка камандзіра роты спецыяльнага прызначэння забеспячэння спецыяльных аперацый па ідэалагічнай працы ВЧ 3214 Уладзіміра Дзеравяшку. Цялега пакінуў каментар пад публікацыяй з яго дадзенымі ў тэлеграм-канале "Карники Беларуси".
На судзе ён распавёў, што абразлівы каментар яму паказалі яго падначаленыя.
“Потым я сам убачыў гэты каментар, які ганьбіць мой гонар і годнасць. Праз каментары ён хацеў маральна націснуць”, — казаў Дзеравяшка.
На судзе ён патрабаваў кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў. Вось як ён апісаў свае маральныя пакуты:
“Калі пост размясцілі ў “Карніках Беларусі”, то гэты каментар [Цялегі] быў не адзіны там, а адзін з... Пачаліся званкі з пагрозамі, што мы цябе знойдзем…”
Тут пракурор перапыніў яго і папрасіў казаць толькі пра каментар абвінавачанага і распавесці, якія маральныя пакуты ён атрымаў менавіта ад яго:
“Ну, хваляванні, стрэсы”
Больш ніякіх прэтэнзіяй да абвінавачвання ён не меў і папрасіў не караць яго строга. Цялега прызнаў пазоў, але суму знізіў да тысячы:
"Паняцце маральнай шкоды – паняцце суб'ектыўнае, таму я не магу ацаніць яго. Я не эксперт".
Астатнія пацярпелыя на суд не з'яўляліся, а завочна заяўлялі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды на сумы ад адной да пяці тысяч рублёў. Напрыклад, намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук патлумачыў сваю няяўку "часовай непрацаздольнасцю" і заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 2000 рублёў. На судзе абвясцілі яго паказанні, дадзеныя падчас следства:
"У тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" былі размешчаныя асабістыя звесткі. Каментар змяшчае абразлівыя выразы ў мой адрас, зневажаюць мой гонар і годнасць. Акрамя таго змяшчае нецэнзурную лаянку. Інфармацыя, якая абражае мяне як службовую асобу і чалавека. Мной сумленна і добрасумленна спаўняецца службовы абавязак, пазначаны каментар размешчаны менавіта ў сувязі з выкананнем мною майго службовага абавязку".
Збівалі, пакуль у кватэры знаходзіліся бацькі. Апошняе слова лекара
"Хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх
прысутных за тое, што падчас судовага пасяджэння ім давялося выслухаць і
прачытаць такі вялікі аб'ём ненарматыўнай лексікі.
Існуе нямала сацыяльна важных прафесій. Сярод якіх выратавальнік, настаўнік, міліцыянт, ваенны, выхавальнік. І гэта, як вядома, няпоўны спіс. Пра некаторыя прафесіі мы марым з самага дзяцінства і нярэдка ідэалізуем іх. Гэта тлумачыцца тым, што і кінематограф, і СМІ ў добрым сэнсе ствараюць пэўны арэол вакол іх. У сілу сваёй спецыфікі некаторыя прафесіі надзелены не толькі абавязацельствамі, але і паўнамоцтвамі. І далёка не заўсёды існуюць выразныя межы паміж тым, дзе заканчваюцца паўнамоцтвы і пачынаецца парушэнне закона. Не заўсёды парушэнне закона адбываецца па ўласнай ініцыятыве. Дзесьці гэта схаваны ціск кіраўніцтва, дзесьці — у калектыве існуе кругавая парука. Літаральна адно-два парушэнні закона, і ты не паспяваеш заўважыць, як дрыгва беспакаранасці даўно засмактала цябе і ты перастаеш аб'ектыўна ацэньваць рэальнасць і разумець, што ты даўно ўжо знаходзішся на баку зла.
Праходзячы службу ў органах унутраных спраў у якасці лекара, мне даводзілася сутыкацца з рознымі катэгорыямі супрацоўнікаў. Былі розныя. Некаторых з іх я паважаю і буду паважаць і называць выключна словам "міліцыянты". Спадзяюся, што яны заўсёды будуць служыць і будуць з'яўляцца прыкладам і тым рамантычным чынам, які многія з нас хацелі б бачыць.
Былі і пярэваратні ў пагонах. Пачуццё абвостранай справядлівасці не дазволіла мне прамаўчаць і застацца абыякавым да таго, што я бачыў сваімі вачыма і пра тое, што чытаў на інфармацыйных рэсурсах. Прааналізаваўшы нямала фактаў, я прыйшоў да высновы: у многіх выпадках зброя, спецсродкі і фізічная сіла ўжываліся там, дзе без іх можна было б абысціся. І фізічная сіла ўжывалася са знявагай гонару і годнасці грамадзян.
Хіба трэба быць экспертам, каб зразумець, што той, хто збівае нагамі жанчыну, якая ляжыць на зямлі, такім чынам не ахоўвае закон? Хіба трэба быць экспертам, каб зразумець, што страляе ў спіну з пнеўматычнай зброі не ахоўвае грамадскі парадак? Хіба трэба быць экспертам, каб зразумець, што супрацоўнік, які хапае дзяўчыну з відавочнымі прыкметамі цяжарнасці, якая відавочна не ўяўляе небяспекі, перавышае свае службовыя паўнамоцтвы? Хтосьці можа запярэчыць і прывесці контраргументы, спаслаўшыся на свае, зручныя для сумлення акалічнасці. Але, як гаворыцца, у кожнага свая праўда. Мне б вельмі хацелася верыць, што пэўныя супрацоўнікі не парушалі закон і не пераходзілі тую небяспечную грань. Але факты ўпарта кажуць аб зваротным.
Як я ўжо казаў, мне давялося сутыкнуцца з гэтым на асабістым прыкладзе. Па нейкай выпадковасці адзін з пацярпелых кіраваў фізічнай бокам пытання майго затрымання. Не саромеючыся таго, што ў кватэры знаходзіліся мае бацькі, збіваў мяне ў той час, калі я знаходзіўся лежачы на падлозе і мае рукі былі ў кайданках. Адзіным, калі гэта можна так назваць, выратаваннем было з'яўленне супрацоўнікаў упраўлення ўласнай бяспекі, перад якім ён станавіўся законапаслухмяным і строга выконваў рэгламент прымянення фізічнай сілы. Калі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі часова выдаляліся, ён зноў карыстаўся момантам, каб зноў адыграцца за свае так званыя маральныя пакуты.
Нават калі я папрасіў адвесці мяне ў прыбіральню ў Барысаўскім РАУС, і тады ён не ўпусціў магчымасці скарыстацца адсутнасцю відэакамер і ззаду цішком ударыў мяне нагой у спіну. Вядома ж, усё гэта кажа пра багаты ўнутраны свет і тонкую душэўную арганізацыю гэтага супрацоўніка. Факт таго, што ў затрыманні мяне браў удзел пацярпелы, пацвярджаецца дакументамі са Следчага камітэта. Таксама пацвярджаецца тое, што ён ужываў у дачыненні да мяне фізічную сілу.
Усім, пра што я сказаў, я не спрабаваў апраўдаць сябе, а хацеў патлумачыць пра прычыны, якія прымусілі мяне абражаць прадстаўнікоў улады. Мой зварот быў накіраваны да іх выключна як да асоб, якія злоўжываюць сваім становішчам. Так, можа быць, і можна было выкарыстоўваць больш мяккую лексіку, але перапаўняе пачуццё беззаконня і паўтаральнай несправядлівасці прымусіла мяне напісаць тое, што напісаў. Чым больш ты сутыкаешся з відавочнай несправядлівасцю, тым больш застаецца адкрытых пытанняў, тым больш гэтыя пытанні аддаляюць нас ад адказу: хто ж большы злачынец і ці аднолькава мы павінны быць у адказе перад законам".
Чым усё скончылася?
Суд над Аляксандрам Цялегам пачаўся 7 снежня і доўжыўся паўтара месяцы. Пракурор Ефімовіч папрасіў суд прызнаць лекара вінаватым па ўсіх трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі. Абаронца палітвязня адзначыў, што наяўнасць пагроз прымянення гвалту ў каментарах Цялягі не была даказана:
"У пацярпелых падставаў баяцца рэальнай пагрозы не было. Ніхто з пацярпелых не звяртаўся за забеспячэннем іх бяспекі ў сувязі з пагрозамі. Цяляга быў збіты адным з пацярпелых пры затрыманні, хоць прымяненне фізічнай сілы не было неабходна, бо да яго ўжо былі ўжытыя спецсродкі".
Аднак, негледзячы на заявы палітвязня пра збіццё, суддзя Ганна Леўсік прызначыла 21 студзеня менавіта такое пакаранне, пра якое дзяржабвінаваўца прасіў — 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Паводле spring96.org