У грыбах і ягадах з Берасцейшчыны знайшлі падвышанае ўтрыманне цэзію-137
У 20 пробах грыбоў і ягад з забруджаных радыенуклідамі лясоў Лунінецкага, Пінскага і Столінскага раёнаў спецыялісты выявілі падвышанае ўтрыманне цэзію-137.
Лабараторыі санслужбаў Брэсцкай вобласці за дзевяць месяцаў 2018 года даследавалі больш за 4000 проб харчовых прадуктаў на ўтрыманне радыенуклідаў стронцыю-90 і цэзію-137. Падвышанае ўтрыманне цэзію-137 было знойдзена ў 20 пробах дароў лесу, часцей за ўсё гэта былі сыраежкі, лісічкі, польскія грыбы, гаркушы, грузды, а таксама чарніцы, паведамілі ў Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Напрыканцы мінулага года ў Францыі затрымалі буйную партыю беларускіх грыбоў (3,5 тоны), у якіх выявілі сляды радыеактыўнага цэзію-137.
agronews.com