У ГУБАЗіКу сцвярджаюць, што не яны напалі на анархістаў пад Крупкамі
Актывіст анархічнага руху Мікалай Дзядок атрымаў адказ на свой зварот наконт перавышэння супрацоўнікамі Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання і ГУБАЗіК сваіх службовых паўнамоцтваў падчас разгону нефармальнай сустрэчу анархістаў 30 чэрвеня.
У адказе ГУБАЗіК сцвярджаецца, што іх супрацоўнікі не прымалі ўдзел у аперацыі пад Крупкамі – там нібыта працавалі міліцыянты з Крупскага РАУС («праводзілі мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне і спыненне правапарушэнняў»). Тэкст адказу Дзядок апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Мікалай Дзядок лічыць, што ГУБАЗіК «цынічна» скінуў адказнасць за тое, што адбылося на сваіх малодшых калегаў з міліцыі Крупак.
«Калі ў кагосьці ёсць сумневы што там быў ГУБАЗіК, падумайце як гэта выглядае: участковыя з райцэнтра ў масках і ў цывільным фарсяць сваім веданнем анархісцкіх груп і дэталяў майго асабістага жыцця адначасна камандуючы «сахраўцамі», – адзначае ён.
Нагадаем, як сцвярджаюць актывісты, 30 чэрвеня Спецыяльны атрад хуткага рэагавання (СОБР) і ГУБАЗіК з выкарыстаннем зброі разагнаў сустрэчу анархістаў пад Крупкамі. Анархістаў паклалі тварам у зямлю, частку прымусілі стаяць на каленях. Гэтак іх трымалі амаль 6 гадзінаў пад дажджом, піць і есці не давалі, дзяўчын не пускалі ў прыбіральню.
belsat.eu