У інфекцыйную бальніцу трапілі сем вучняў мінскага ліцэя БНТУ
Стан дзяцей, што знаходзяцца ў бальніцы, стабільны. Прычын, з-за чаго дзеці трапілі ў бальніцу, не называецца. Аднак частка падлеткаў у больш лёгкім стане знаходзіцца на амбулаторным лячэнні.
![Фота з тэлеграм-канала Міністэрства аховы здароўя Фота з тэлеграм-канала Міністэрства аховы здароўя](/img/v1/images/photo_2024_04_04_13_09_49.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з тэлеграм-канала Міністэрства аховы здароўя
У дзіцячую інфекцыйную клінічную бальніцу Мінска дастаўлена сем вучняў Ліцэя БНТУ, частка падлеткаў, “з меншымі скаргамі” знаходзіцца на амбулаторным лячэнні дома, паведамляе «Позірк» са спасылкай на тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя.
Падлеткі, якія паступілі ў дзіцячую інфекцыйную бальніцу, «аглядаюцца спецыялістамі бальніцы, сумесна са спецыялістамі кафедраў дзіцячых інфекцыйных хвароб БДМУ», паведамляе Міністэрства аховы здароўя
Стан дзяцей, якія знаходзяцца ў бальніцы, стабільны, аднак канкрэтнай інфармацыі пра прычыны іх шпіталізацыі ведамства не прыводзіць.
“Сітуацыя знаходзіцца на кантролі міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева, старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ігара Юркевіча. Спецыялістамі санітарна-эпідэміялагічнай службы Мінска арганізавана правядзенне комплексу спецыяльных мерапрыемстваў па расследаванні сітуацыі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, 11 студзеня Мінздароўя паведамляла пра шпіталізацыю ў дзіцячую інфекцыйную клінічную бальніцу Мінска сямі вучняў сярэдняй школы № 165, у траіх з якіх былі прыкметы віруснай кішэчнай інфекцыі.
У ліцэі БНТУ працуе санстанцыя, адзначае «Люстэрка».
Знаёмы з сітуацыяй у ліцэі БНТУ распавёў «Медыязоне», што ўсім шпіталізаваным паставілі папярэдні дыягназ «востры гастраэнтэрыт». Ва ўсіх, хто трапіў у бальніцу, высокая тэмпература, млоснасць, слабасць.
Па словах суразмоўцы, каля траціны ўсіх навучэнцаў ліцэя цяпер з такімі ж сімптомамі лечацца дома. Усяго ў ліцэі навучаецца 280-290 чалавек.
Суразмоўца "Медиазоны" сказаў, што ўсе навучэнцы харчававаліся ў адной сталовай ліцэя.