У калідоры суда нехта крыкнуў «Жыве Беларусь» — распачалі крымінальную справу

Заведзеная крымінальная справа па арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства»), паведамляе «Наша ніва».

Фота з таго самага калідора суда, даслалі смаргонцы для tut.by.

Фота з таго самага калідора суда, даслалі смаргонцы для tut.by.

Гісторыя пачалася 18 лютага. У той дзень у Смаргонскім раённым судзе выносіўся прысуд па крымінальнай справе супраць Руслана Валюка і Ірыны Маркавай. Іх вінавацілі па артыкуле «Паклёп» — маўляў, яны распаўсюджвалі ў Смаргоні ўлёткі, якія абражалі міліцыю. Раней па гэтым артыкуле да двух з паловай гадоў хіміі быў асуджаны рэдактар «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан.

У выніку Валюк атрымаў два гады «хіміі», а Маркава — два гады «хатняй хіміі». Калі прысуд ужо быў вынесены, то на калідоры суда нехта выгукнуў «Жыве Беларусь», некаторыя адказалі на гэта «Жыве». У той самы час у суседнім зале адбываўся разгляд крымінальнай справы на чале са старшынёй Смаргонскага суда Людмілай Пятровай.

Калі Пятрова пачула выгукі, то выйшла з залы, пачала казаць, што гэта непавага да суду, пагражала выклікаць міліцыю. Сама Пятрова стала ля турнікета і нікога не выпускала з памяшкання. Тады частка людзей проста адчынілі вокны і сталі адтуль выскокваць на снег. Цікава, што тое акно знаходзіцца проста насупраць раённай міліцыі.

Рамуальд Улан расказвае, што таксама быў на вынясенні прысуду, але падзеі ў калідоры ўжо не заспеў, бо спяшаўся на працу, таму сышоў раней. «У той самы дзень дапыталі восем чалавек, але затрымалі толькі аднаго. На наступны дзень, у пятніцу, затрымалі чатырох чалавек, у тым ліку і мяне, — кажа спадар Улан. — Нас пратрымалі ў ізалятары да панядзелка, а ўжо потым суддзя Боландзь адправіў усе пратаколы на дапрацоўку, а людзей вызвалілі».

Апроч Улана, на суткі трапілі Яўген Новікаў, Ілля Петуноў, Людміла Сульжыцкая. А вось Сяргею Траю пашанцавала меней — ён адседзеў 5 сутак.

Пакуль затрыманыя знаходзіліся ў ізалятары, была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства». Сярод падазраваных — усе тыя людзі, якія знаходзіліся на вынясенні прысуду Валюку і Маркавай.

Вялася відэаздымка працэсу, таму з падазраванымі праблем няма, а вось разглядзець на відэа, хто менавіта крычаў «Жыве Беларусь» не атрымліваецца: відэа кепскай якасці.

«Ціснуць вельмі моцна, мне кажуць, што "хіміяй" не абыдзецца, напрыклад», — кажа Рамуальд Улан. Яго апеляцыя будзе разгледжана ў Гродне 11 сакавіка. Калі яна не скасуе пакаранне, то рэдактару давядзецца адправіцца на «хімію».

Затрыманні ў Смаргоні працягваюцца, затрыманая маці дваіх непаўналетніх дзяцей Ніна Шыш, паплечнікі спадзяюцца, што яе адпусцяць на волю.