У камеры Ігара Лосіка з’явіліся вошы. На скаргі вязняў адміністрацыя не рэагавала

Ігар Лосік за кратамі 240 дзён, а дата суда па-ранейшаму невядомая. Жонка Ігара Дар’я двойчы на тыдзень ездзіць да мужа з перадачамі і падчас апошняй паездкі даведалася, што ў камеры Ігара Лосіка з’явіліся вошы, паведамляе «Свабода».

b97f200e_219a_466a_9698_f603231107fd_w1023_r1_s.jpg

Ігара Лосіка затрымалі ва ўласнай кватэры ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 года. Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, пазней перавялі ў следчую турму ў Жодзіне. Жонка Ігара Дар’я двойчы на тыдзень ездзіць да мужа з перадачамі. Бачыць Ігара ў турме можа толькі адвакат. Чарговым разам Жодзіна Дар’я наведала 19 лютага.

«Са здароўем у Ігара ўсё нармальна, лісты і газеты даходзяць, — расказала Дар’я Свабодзе. — Але нядаўна да яго ў камеру падсялілі мужчыну, у якога аказаліся вошы. Не такія, якія ў валасах на галаве. А каторыя ў вопратцы, у ложку. Яны ўсёй камерай у сераду, чацвер пісалі заяву на так званую „пражарку“ (працэдура вынішчэння паразітаў. — РС). Але пакуль ніякай рэакцыі ад адміністрацыі не было. Будуць і далей пісаць, але чаму меры не прымаюцца, гэта цікавае пытанне. Педыкулёз вольна распаўсюджваецца па камеры. Пры гэтым Ігар разам з сукамернікамі самі гэта выявілі».

Паводле слоў Дар’і Лосік, Ігар цяпер у той жа камеры з відэаназіраннем, куды ён трапіў падчас галадоўкі. Медычных аглядаў пакуль няма, перадачы дазваляюць у вызначаным аб’ёме.

«Я за восем месяцаў навучылася ўжо, што можна перадаваць, а што не, таму пытанняў не ўзнікае, — кажа Дар’я. — Лісты Ігар таксама атрымлівае. Адзінае, да мяне яны даходзяць са спазненнем. Апошні ліст ад Ігара я атрымала за 7 лютага. Выходзіць, два тыдні затрымкі».

Пра пачатак суда па справе Ігара Лосіка пакуль няма абсалютна ніякай інфармацыі. Ні ён, ні яго адвакат нават не пачыналі знаёміцца з матэрыяламі справы.