У Карэліі ФСБ застрэліла беларуса Мікалая Аляксеева: нібыта падчас затрымання

Беларуса Мікалая Аляксеева, удзельніка беларускіх пратэстаў 2020 года, забілі расійскія сілавікі 6 сакавіка ў Карэліі, паведамляе ASTRA.  Паводле папярэдніх звестак, 49-гадовага беларуса забілі супрацоўнікі ФСБ нібыта з-за супраціву пры затрыманні.

mikalaj_aljakseeu.jpg

Паводле афіцыйнай версіі расійскага следства, Аляксееў нібыта аказаў супраціў пры затрыманні — і таму быў забіты. Затрымаць яго хацелі ў межах крымінальнай справы аб «падрыхтоўцы да тэракту» (ч. 1 ст. 30 ч. 1 ст. 205 УК РФ), якую распачалі на Аляксеева ў той самы дзень. 

Следства сцвярджае, нібыта Мікалай збіраўся падарваць адміністрацыю ў горадзе Аланец.

На момант публікацыі ASTRA не здолела звязацца са сваякамі актывіста. Як, калі і пры якіх абставінах мужчына апынуўся ў Расіі, таксама пакуль невядома.

Пазней сын забітага ў Карэліі беларуса пацвердзіў “Нашай Ніве” інфармацыю аб забойстве бацькі.

Улад, адзін з сыноў Мікалая Аляксеева, распавёў журналістам, што яго маці — жонка актывіста — паехала ў морг у Карэліі, а супрацоўнікі ФСБ адабралі ў яе тэлефон. "Тата быў выдатным чалавекам. Ён не мог кагосьці застрэліць. Ён быў шчырым вернікам, пастаянна маліўся. Мы разам з ім хадзілі ў храм", —  распавёў сын забітага актывіста. 

Сын Аляксеева таксама паведаміў, што бацька працаваў на вахце.

Мікалай Аляксееў актыўна выступаў супраць дыктатуры Лукашэнкі, публікаваў фатаграфіі з пратэстаў у 2020 годзе, размяшчаў у сацыяльных сетках пасты аб парушэннях правоў чалавека ў краіне.

Як сцвярджае Baza, з верасня 2022 года Аляксееў знаходзіўся ў вышуку за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Прычым Мікалай Аляксееў знаходзіўся ў базе вышуку МУС Расіі, удакладняе «Медыязона. Беларусь».

Так, напрыклад, 25 чэрвеня 2021 года ён пісаў:

«Тое, што адбываецца цяпер у маёй краіне, называецца адным словам — генацыд. Гэта генацыд нашага народа. Нахабная беспардонная хунта на чале з самазванцам, якая падтрымліваецца купкай азвярэлых ўпыроў, сілай захапіла ўладу. 

Вось ужо амаль год народ Беларусі вядзе супраць іх барацьбу. Шмат у каго апускаюцца рукі, хтосьці яшчэ не да канца ўсвядоміў, што рэпрэсіі закрануць усіх без выключэння. Адседзецца ў баку не атрымаецца. 

У гэтай улады гвалт узведзены ў ранг асноўнага прынцыпу. І няма ні тармазоў, ні задняга ходу. І я, і мая сям'я ўжо адчулі гэта на сабе. Гэта балюча, гэта страшна, калі раптоўна губляеш усё. Але менавіта цяпер нельга даваць волю страху. 

Трэба сабраць сябе ў кулак і працягваць змагацца. Таму што перамога за намі, таму што фашызм асуджаны, таму што ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! ЖЫВЕ ВЕЧНА! ВЕРЫМ, МОЖАМ, ПЕРАМОЖАМ!».


ФСБ апублікавала відэа, на якім, як сцвярджаецца, паказаны момант забойства мужчыны, адзначае Медуза.