У Касцюковіцкім раёне міліцыянт стрэліў у мужчыну

Супрацоўнікі міліцыі ўжылі зброю, спрабуючы ўціхамірыць «п'яных дэбашыраў», паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал МУС Беларусі. Інцыдэнт адбыўся ў аграгарадку Муравілле ў Касцюковіцкім раёне.

1016054051.jpg

Нарад міліцыі прыбыў раніцай 14 жніўня на выклік у аграгарадок Муравілле. Як паведамілі тыя, хто тэлефанавалі, здарыўся канфлікт паміж суседзямі.
Пасля разбору аказалася, што 34-гадовы мясцовы жыхар і яго 33-гадовы брат паводзілі сябе агрэсіўна. Як адзначаюць у ведамстве, на супрацоўнікаў МУС яны накінуліся з кулакамі: адзін з іх ударыў міліцыянта, паваліўшы яго на зямлю. Пакуль другі міліцыянт аказваў калегу дапамогу, яго таксама атакавалі, удакладняюць у прэс-службе МУС.
На патрабаванні спыніць супрацьпраўныя дзеянні мужчыны не рэагавалі, як і на наступны папераджальны стрэл у паветра. Спыніў іх толькі стрэл у нагу старэйшаму брату, — піша МУС у сваім паведамленні.
Нападніка шпіталізавалі. У ведамстве адзначаюць, што абодва жыхары аграгарадка былі пʼянымі, раней неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, малодшы з братоў-дэбашыраў судзімы за крадзеж.
Нагадаем, падобны інцыдэнт адбыўся нядаўна ў іншым раёне Магілёўскай вобласці. У сераду са стральбой затрымлівалі мужчыну з сякерай у Чавусах. Па паведамленнях мясцовых жыхароў, ён быў нецвярозы і раней у яго адбыўся канфлікт з жонкай. Гэта ўжо другі выпадак за тыдзень, калі супрацоўнікі міліцыі ўжываюць пры затрыманні агнястрэльную зброю.