У краме «Князь Вітаўт» сканфіскавалі бел-чырвона-белыя сцягі і белыя бранзалеты
Абвестка з такой інфармацыяй з’явілася на дзвярах гандлёвага аб’екту з нацыянальнай сімволікай яшчэ ў чацвер вечарам.
![krama_2_1.jpg krama_2_1.jpg](/img/v1/images/krama_2_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нехта зрабіў фота і інфармацыя распаўсюдзілася па сацыяльных сетках, набраўшы тысячы праглядаў.
Пра тое што адбылося, распавёў Радыё Рацыя дырэктар крамы Алег Чапараў:
– Учора каля 15-й гадзіны да нас прыйшлі трое супрацоўнікаў УБЭПу і прадставілі нам пастанову, у якой было напісана, што ім патрэбна правесці агляд і выманне прадукцыі, той, якой ім трэба, у сувязі з адміністрацыйнай справай, якая заведзена на кагосьці, хто вёз гэтыя тавары, ці падобныя тавары, нашы, ці не нашы – нам не патлумачылі, але ён кудысьці іх перамяшчаў і рабіў гэта быццам бы з нейкімі парушэннямі. Думаем, што гэта звязана з выбарамі, гэта без усялякіх сумневаў.
![Фота з сацсетак крамы «Князь Вітаўт» vk.com Фота з сацсетак крамы «Князь Вітаўт» vk.com](/img/v1/images/uwr_ttrnmlu.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сацсетак крамы «Князь Вітаўт» vk.com
Забралі каля 70 сцягоў, 200 бранзалетаў і 10 кепак. Акрамя таго, ціснуць на краму спрабавалі праз Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ). Сітуацыя тычылася прадукцыі з выявай міліцэйскага аўтазака і надпісам «Welcome to Belarus». У сацыяльных сетках ужо пайшла пагалоска, каб падтрымаць краму рублём, набыўшы сувенір.