У Лідзе жанчыну асудзілі за ганебныя плёткі пра каталіцкага святара

Нямала жанчын шукаюць і знаходзяць у асобе святароў сваю апору. І нічога тут дзіўнага няма. Бо духоўнік заўсёды дапаможа разабрацца ў супярэчлівых думках і сітуацыях, наставіць на шлях праўдзівы. У гісторыі, пра якую пойдзе гаворка, маладая дзяўчына (назавем яе Вольга) не толькі свядома адышла ад усіх канонаў ўзаемаадносін святара з прыхаджанамі, але і здзейсніла злачынства, навязваючы яму сваё каханне.

koloratka.jpg

Вольга нарадзілася і расла ў Лідзе. Аднак на лета заўсёды з'яжджала да бабулі ў вёску. Там яна і заўважыла прыгожага хлопца крыху старэйшага за сябе і — закахалася.

Пасля заканчэння школы малады чалавек паступіў вучыцца на святара, а пасля завяршэння вучобы быў накіраваны служыць у адзін з лідскіх касцёлаў. Па збегу абставінаў Вольга аказалася прыхаджанкай менавіта гэтага храма. Пачуцці дзяўчыны ўспыхнулі з новай сілай, і яна стала выкарыстоўваць любую магчымасць, каб пагутарыць са святаром, а неўзабаве прызналася яму ў каханні. Малады ксёндз пастараўся наставіць Вольгу. Маўляў, адносін паміж імі быць не можа: па канонах каталіцкай царквы, ксяндзу нельга жаніцца, мець дзяцей, ды і ў адказ пачуццяў, на якія спадзяецца дзяўчына, ён да яе ніколі не адчуваў. Аднак усе ўгаворы на маладую асобу не дзейнічалі.

Праз некаторы час святара перавялі несці службу ў суседні раён. Здавалася, тут можна пазбавіцца ад надакучлівага кахання прыхаджанкі. Але дзе там! Пачуцці Вольгі сталі праяўляцца не толькі ў словах, але і ў рознага роду брыдотах. Даведаўшыся, дзе цяпер жыве і служыць малады ксёндз, дзяўчына разбіла ў парафіяльным доме акно, таксама прымудрылася зняць транзітны нумар з машыны. Размяшчала фатаграфіі святара ў сетцы Інтэрнэт. І зноў жа святар імкнуўся ўсё растлумачыць Вользе мірным шляхам. Распавядаў, пераконваў. Спадзяваўся: зразумее. Аднак у чэрвені мінулага года малады ксёндз быў вымушаны звярнуцца з заявай у міліцыю: на капот яго асабістага аўтамабіля дзяўчына выліла вадкасць для зняцця лаку. Была заведзеная крымінальная справа. Суд Лідскага раёна прысудзіў Вольгу да 240 гадзінаў грамадскіх прац.

Але і гэта на маладую асобу не падзейнічала. Праз паўгода яна прыдумала чарговы спосаб помсты за нежаданне падтрымліваць з ёй адносіны. На сайце «Аднакласнікі» дзяўчына пераназвала сваю асабістую старонку са свайго імя на імя і прозвішча святара, паказаўшы на ёй дадзеныя маладога чалавека і апублікаваўшы фатаграфіі. Дадала на гэтую старонку і больш за паўсотні яго сяброў. Затым у сетцы Інтэрнэт Вольга знайшла выпадковыя фатаграфіі маленькіх дзяцей і таксама размясціла на старонцы, нібыта гэта дзеці святара. Надпісы ў вершах пад фатаграфіямі пра дачку і сыночка таксама узяла з «сусветнага павуціння».

Перш чым фатаграфіі чужых дзяцей, якіх прыпісала яму Вольга, выявіў сам святар, на старонцы пабывалі некаторыя яго сябры, прыхаджане парафій, у якіх служыць і служыў. Думка пра тое, што хлусня аб наяўнасці на баку грахоўнай сувязі можа падарваць яго імідж як святара, прымусіла мужчыну адразу ж звязацца з Вольгай. Ён запатрабаваў выдаліць фатаграфіі. Калі маладая асоба пакінула патрабаванне без адказу, у чарговы раз быў вымушаны звярнуцца ў міліцыю.

Суд Лідскага раёна прызнаў дзяўчыну вінаватай у распаўсюдзе заведама лжывых, ганебных выдумак пра іншую асобу, размешчаных у глабальнай сетцы Інтэрнэт. У якасці пакарання Вольга атрымала два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Усведамляе яна ці не ў поўнай меры, што парушыла не толькі свецкае заканадаўства, за што была пакараная, але і Закон Божы?

І яшчэ хочацца дадаць, што сапраўднае каханне — светлае, чыстае пачуццё. А такім каханнем, як у Вольгі, ашчаслівіць нельга ні сябе, ні абранніка.

Паводле Нашай Нівы