У Магілёўскай ПК-15 сталі больш жорсткімі патрабаванні да адзення зняволеных
З 1 верасня адміністрацыя папраўчай калоніі адпраўляе большую частку рэчаў асуджаных на склад. Магчыма, гэта не эксцэс выканаўцы, а прадуманая палітыка ўзмацнення жорсткасці ўмоў пакарання ад ДВП, піша «Магілёўская вясна». Верагодна, гэта можа паўтарыцца ва ўсіх калоніях.

Гомельская жаночая папраўчая калонія. Фота govorim.by.
Першы непрыемны «званок» прагучаў яшчэ на Новы год. Тады начальнік папраўчай установы ПК-15 выдаў распараджэнне не прымаць больш абутак, набыты на волі сваякамі асуджаных.
Людзі, якія пабылі ў месцах пазбаўлення волі, распавялі карэспандэнту «MSPRING.MEDIA», што гэта адна з самых вялікіх праблем: чаравікі так званага «ўстаноўленага ўзору» прымушаюць купляць у турэмнай адміністрацыі, а яны вельмі нізкай якасці. Яны, вядома, шаруюць нагу і хутка (да паўгода) развальваюцца.
Пашыты такі турэмны абутак у адной з устаноў Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП). Гэта значыць, ДВП знаходзіць сам сабе заказы і сваім падапечным працу, а потым гэтыя не вельмі якасныя вырабы іншым вязням і прадае, закрываючы поўны бізнес-цыкл.
Дарэчы, нарэшце пачала працу інтэрнэт-крама ВК-15. Але кідаецца ў вочы вельмі бедны асартымент тавараў, а ў раздзеле «Абутак» якраз і пуста.
А з 1 верасня ўжо новыя патрабаванні прымяняюцца да ўсяго знешняга выгляду зняволеных. Усё адзенне на іх павінна быць толькі чорнага колеру альбо цёмна-сіняга, амаль чорнага. Пры гэтым правілы распаўсюджваюцца нават на бялізну і шкарпэткі. Даходзіць да таго, што шкарпэткі з невялікім малюнкам адміністрацыя адбірае ў асуджаных і адпраўляе на захоўванне на склад.
Пачынаючы з гэтай даты, сваякі асуджаных павінны па-новаму рыхтаваць рэчавыя перадачы, а частку адзення ўжо забіраюць з ПК. І гаворка ідзе не пра турэмную робу, у якой вязні ходзяць на працу альбо перасоўваюцца па вуліцы, а пра спартыўныя касцюмы і любое адзенне, у якім яны ходзяць у вольны час у сваіх атрадах. Калі раней хаця б хатняе адзенне аблягчала непрыемнае адчуванне знаходжання ў пенітэнцыярнай установе, то цяпер ідзе сацыялізацыя наадварот – усё гаворыць зняволенаму аб тым, што ён зняволены.
Такая ж сітуацыя і са спартыўным абуткам. Калі раней можна было перадаваць і красоўкі, і кеды любога колеру, але з чорнай падэшвай, то зараз спартабутак павінен быць ва ўсіх аднолькавы і толькі чорнага колеру. Асобна новае патрабаванне закранула нават світшоты і майкі: цяпер павінен быць толькі круглы выраз, а гумка на гарлавіне павінна быць вузкай.
Для сваякоў гэта проста шакавальныя новаўвядзенні. Не сакрэт, што толькі 50-кілаграмовая дазволеная па рэжыме перадача каштуе прыкладна 500 рублёў, а гэта для многіх месячная зарплата. А цяпер, акрамя таго, трэба купляць сваім блізкім яшчэ і новае адзенне, якое не ўсюды знойдзеш. З пачаткам восені кантралёры чапляюцца нават да вязкі звычайнай фабрычнай шапкі і да шалікаў.
Таксама, як паведаміў праваабаронцам адзін з вязняў ПК-15, які нядаўна вызваліўся, новыя патрабаванні, хутчэй за ўсё, закрануць нават пасцельныя прыналежнасці. Цяпер сваякі павінны дасылаць асуджаным прасціны і навалачкі толькі белага колеру. Усё каляровае будзе адпраўляцца проста на склад.