У Магілёве адбыўся пікет супраць закона аб адтэрміноўках
У Магілёве сёння прайшоў пікет супраць закона аб адмене адтэрміновак. У ім узялі ўдзел двое хлопцаў — студэнт мясцовага каледжа і працаўнік аднаго з прадпрыемстваў. Пікет правялі на гарадскім стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў, ён быў узгоднены з гарадскімі ўладамі.
Спачатку на пікет прыйшоў Аляксей Майсееў — 19 гадовы студэнт Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Хлопец распавёў, што выступае супраць закона аб адтэрміноўцы. Праз паўтара года Аляксей заканчвае навучанне ў каледжы. Яму прыйдзецца адслужыць у арміі перад тым, як паступіць у ВНУ.
Для правядзення пікета Аляксей заключыў дагаворы з медыкамі, міліцыяй і камунальнікамі, аплаціў іх паслугі.
Пазней да хлопца далучыўся яго знаёмы — таксама Аляксей, работнік аднаго з прадпрыемстваў Магілёва. Яго закон аб адтэрміноўцы не закране, тым не менш ён вырашыў прыняць удзел у пікеце.
Нагадаем, 24 жнiуня пікет супраць закона аб адмене адтэрміновак прайшоў у Мінску. Узгоднены з уладамі пікет прайшоў ля ўваходу ў парк Дружбы народаў (плошча Бангалор), у адным з месцаў, адведзеных для правядзення мерапрыемстваў паводле паведамляльнага прынцыпа. На месцы прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні і медыкі.
Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 24 ліпеня. Дакумент прадугледжвае прадастаўленне адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама аднаразовай адтэрміноўкі для атрымання першай адукацыі, які дазваляе атрымаць спецыяльнасць або прафесію. Такім чынам, выпускнікі навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнага профілю да навучання ў ВНУ і выпускнікі ВНУ - бакалаўры да навучання ў магістратуры або аспірантуры павінны будуць адслужыць у арміі.
tut.by