У Магілёве міліцыянты гвалтоўна выкралі журналістку

21 траўня ў Магілёве невядомыя людзі ў цывільным гвалтоўна схапілі журналістку-фрылансерку Аліну Скрабунову наўпрост у пад'ездзе яе дома, перадае Радыё Свабода. Як высветлілася пазней, нападнікі аказаліся міліцыянерамі.

alina_4.jpg

Аліна Скрабунова. Фота з сайта mspring.online
Як кажа сама журналістка, ніякіх позваў ёй не прыходзіла, але 19 траўня патэлефанавалі нібыта з Ленінскага РАУС Магілёва і расказалі, што на яе складзены пратакол. Аліна Скрабунова адказала, што ў гэты час была ў Тураве (350 км ад Магілёва), таму паабяцала прыйсці ў міліцыю ў аўторак.
Але каля першай гадзіны дня ў панядзелак яе схапілі ў пад’ездзе ўласнага дома:
«Я заходжу ў пад’езд, і мяне хапае за руку чалавек у цывільным і кажа: „Скарбунова Аліна, ты папалася“», — расказвае журналістка.
У гэты час па лесвіцы ў пад’ездзе спусціўся другі «чалавек у цывільным», якога яна пазнала: паўгода таму ён затрымліваў яе са словамі «Які ваш від дзейнасці?». Яна падазрае, што гэта не міліцыянер, а чалавек «з іншай структуры».
«Яны мяне пацягнулі ў машыну, хоць я казала, што сама дайду, — працягвае Скрабунова. — Машына была не міліцэйская, а ўласная, аднаго з іх. Як аказалася, гэта Руслан Марозаў, участковы інспектар. Яшчэ на мяне нападалі ў машыне, спрабавалі адабраць тэлефон».
У РАУС, сцвярджае журналістка, яе не азнаёмілі з правамі і не далі магчымасць напісаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Урэшце ёй выдалі позву на 23 траўня і вызвалілі — Скрабуновай інкрымінуюць «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КаАП РБ), вінавацяць у працы на «Белсат». Позву таксама атрымаў відэаапэратар Яўген Глушакоў.
Гэта ўжо не першы выпадак затрымання Аліны Скрабуновай. Апошні раз журналістку затрымалі ў цэнтры Магілёва і адвезлі ў РАУС у кастрычніку 2017 года, нагодай стаў складзены пратакол за супрацоўніцтва з «Белсатам».