На магілёўскіх карэспандэнтаў «Белсату» палюе міліцыя
Міліцыянты шукаюць журналістку Аліну Скрабунову і аператара Яўгена Глушкова.

Аліна Скрабунова падчас судовага працэсу над ёй мінулай восенню
Сёння аператару «Белсату» Яўгену Глушкову патэлефанавалі з Ленінскага РАУС і запрасілі на размову 23 траўня. Прычыну выкліку міліцыянты не патлумачылі.
Позна ўвечары ў суботу міліцыянты спрабавалі патрапіць у кватэру журналісткі Аліны Скрабуновай.
«Удома быў непаўналетні племеннік і сабака. Па словах пляменніка, міліцыянты зачынілі глазок рукой, білі нагамі ў дзверы, выкручвалі ручку дзвярэй і сунулі нешта ў замок. І гэта ў суботу а 22-й», – кажа Аліна.
У пятніцу міліцыя прыходзіла да суседкі нашае калегі, заяўляючы, што да іх паступіла ананімная скарга, што ў кватэры шум. У міліцыянтаў быў з сабой фотаздымак Скрабуновай.
Гэтымі днямі журналістка знаходзіцца па-за горадам. Аліна мяркуе, што прычынай цікаваўнасці да іх з боку міліцыя з’яўляецца прафесійная дзейнасць.
У лістападзе 2017 года суддзя Таццяна Касцюк з Ленінскага суду Магілёва прысудзіла Аліне Скрабуновай штраф Br 690 за супрацу з нашым каналам.
Паводле belsat.eu