У Магілёве вынеслі адзін з самых жорсткіх прысудаў за масавыя беспарадкі — 7 гадоў узмоцненага рэжыму

У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва вынеслі прысуд за падрыхтоўку масавых беспарадкаў і незаконным дзеянням у дачыненні да агнястрэльнай зброі і гаручых выбуховых рэчываў. У гэтым прызналі вінаватым Аляксея Мельнікава, яго прысудзілі да 7 гадоў узмоцненага рэжыму і штрафу ў 50 базавых. Увесь судовы працэс быў закрытым — слухачоў і журналістаў дапусцілі толькі на вынясенне прысуда.

Фота Анжалікі Зайцавай

Фота Анжалікі Зайцавай

У якіх менавіта дзеяннях Мельнікава прызналі вінаватым, з прысуда незразумела. Але вядома, у чым абвінавачвалі: у тым, што ў яго пры затрыманні 9 жніўня знайшлі і канфіскавалі петарды, тры самаробныя запальных прылады, нож. Усе гэтыя прадметы, сцвярджалася ў матэрыялах справы, мужчына ўтойліва пераносіў і спрабаваў перавезці з Магілёва ў Мінск, «каб паўдзельнічаць у масавых беспарадках».
Дома ў затрыманага знайшлі «вырабленую ім і прыдатную для здзяйснення асобных стрэлаў двуствольную гладкаствольную ручную агнястрэльную зброю». Сцвярджалася таксама, што мужчына вырабіў «не менш за пяць самаробных запальных паразных прылад, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў».
У паведамленні Генпракуратуры таксама паведамлялася, што Мельнікаў, «натхніўшыся размешчанымі ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на Telegram- і YouTube-каналах, заклікамі да масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся б гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады на тэрыторыі Беларусі, прыняў рашэнне далучыцца да такой супрацьпраўнай дзейнасці».
У выніку Мельнікаву інкрымінавалі адразу чатыры артыкула КК РБ: арт. 13 «Падрыхтоўка да злачынства», ч. 2 арт. 293 «Масавыя беспарадкі», ч. 3 арт. 295 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў», ч. 1 арт. 295-3 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да паразных прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў».
tut.by