У Магілёве забаранілі «Марш недармаедаў»

Магілёўскія ўлады адмовілі апазіцыі ў правядзенні 19 лютага «Маршу недармаедаў».

36bd18f6_673d_437f_b0df_490472f1691a_w1023_r1_s.jpg


«Улады спасылаюцца на адпаведнае рашэнне гарвыканкаму, дзе вызначана месца для правядзення акцыяў — на ўскраіне гораду на закінутым стадыёне. Мы ж хацелі правесці марш на вуліцы Ленінскай», — распавёў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў, які падаваў заяўку ў гарвыканкам.
Шанцаў мяркуе, што ўлады ў любым выпадку не далі б дазволу на правядзенне «Маршу недармаедаў» — нават на ўскраіне гораду.
«Нават пры выкананні ўсіх умоў яны звычайна знаходзяць нагоду не даць дазволу. Спробы раней былі. Напрыклад, за сем дзён да мітынгу тэлефануюць камунальнікі і кажуць, што ня могуць забяспечыць прыборку тэрыторыі. Мяне адразу выклікаюць у гарвыканкам і кажуць, што без камунальнікаў дазволу на мітынг даць не могуць», — распавёў актывіст.
Шанцаў падкрэсліў, што не будзе заклікаць людзей выходзіць на несанкцыянаваную акцыю 19 лютага, але сам у прызначаны час будзе гуляць па вуліцы Ленінскай.
«Я кажу так: я выходжу на вуліцу Ленінскую а 12-й 19 лютага і буду шпацыраваць. Ніхто мне не забароніць гуляць па пешаходнай вуліцы. Але даваць падставу штрафаваць за заклікі выходзіць на несанкцыянаваную акцыю я не буду», — адзначыў ён.
Паводле svaboda.org