У Магілёве знеслі помнік Леніну. Раней за завод
У Магілёве разам з заводам штучнага валакна дэмантавалі і помнік Леніну. У скверыку, разбітым перад адміністрацыйнымі будынкамі прадпрыемства, замест помніка застаўся груд бетоннага друзу і пяску паведамляе «Радыё Свабода».

Замест помніка Леніну груд бетоннага друзу і пяску
Завадскую дошку гонару не кранулі. Закінутым застаецца
фантан, які ўпрыгожваў сквер, над якім і узвышалася постаць Леніна ў поўны
рост.
Знікненне помніка, які хавалі елкі, не заўважылі мінакі.
«І праўда прыбралі», — сказаў адзін з іх і дадаў: «Як заводу няма, што яму тут рабіць».
Пабураны завод запусцілі ў 1930-я гады. У тыя часы прадпрыемства стала найвялікшым у горадзе. На ім працавала больш за дзве тысячы чалавек. У Магілёў прыехала шмат спецыялістаў-хімікаў з іншых рэгіёнаў Савецкага Саюзу.

Помнік Леніну яшчэ цэлы (фота з восені 2017 году)
Пра намеры закрыць завод упершыню загаварылі ў студзені
2012 года. Тады гэта называлася рэарганізацыяй. Вырабляць сінтэтычную плёнку
стала нерэнтабельна. Прадаць прадпрыемства не ўдалося.

Напамін пра савецкае мінулае і пра сам завод, які амаль пабурылі, захоўвае цяпер толькі дошка гонару
Пабурыць завод даў даручэнне Аляксандр Лукашэнка. Работы
маюць завяршыцца сёлета ў траўні. Помнік Леніну да гэтага часу не дастаяў.