У Мінскай вобласці ад ужывання алкаголю за тры месяцы памёр 61 чалавек
У выніку ўжывання алкагольных напояў (этылавага спірту, іншых спіртоў і сурагатаў) за тры месяцы 2018 гадоў ў Мінскай вобласці загінуў 61 чалавек (за тры месяцы мінулага — 57), паведамляе міліцыя рэгіёну.
7 чалавек з загінулых у гэтым годзе атруціліся спіртазмяшчальнымі сурагатамі. Пры гэтым пачасціліся выпадкі ўжывання і атручвання вадкасцямі, падабранымі на сметніку і ў іншых месцах.
Нагадаем, у канцы сакавіка групавое атручэнне сурагатам адбылося ў Слуцкім раёне — памерлі пяць чалавек. Невядомую спіртазмяшчальную вадкасць знайшлі на гарадской звалцы і выпілі, палічыўшы сурагат алкагольным напоем. Па факце гэтага масавага атручвання яшчэ праводзіцца праверка.
А незадоўга да гэтага ў Мінскім раёне двое загінулі, а трэці трапіў у рэанімацыю пасля ўжывання «спіртазмяшчальнай вадкасці сіняга колеру». Распачата справа.
У Мінскай вобласці ў разведзены вадой нехарчовай спірт сумніўнага паходжання дадаюць трохі самагонкі - і выдаюць сурагат за прадукт, выраблены ці ледзь не ў «лепшых традыцыях самагонаварэння», распавядае намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама Андрэй Амбражэй. У сваім асяроддзі нелегальныя бутлегеры называюць падобную сумесь «Смуроднікам».
Міліцыя ў чарговы раз папярэджвае жыхароў рэгіёну аб пагібельных наступствах празмернага ўжывання алкаголю, а таксама спажывання спіртазмяшчальных сурагатаў і невядомых вадкасцяў. Супрацоўнікі УУС просяць людзей дзяліцца інфармацыяй аб незаконным вырабе або нелегальным распаўсюджванні вадкасцяў з утрыманнем спірту і самагонкі і абяцаюць аператыўна на яе рэагаваць.
Паводле tut.by