У Мінску зафарбоўваюць мурал «Чалавек без імя»
Сёння ў Мінску зафарбоўваюць мурал "Чалавек без імя" на
шматпавярховіку на вул. Варанянскага, 13. Адміністрацыя раёна распавяла,
чаму было прынятае такое рашэнне.
Графіці з'явілася ў Мінску ўвосень 2015 года ў рамках праекту Urban Myths і хутка выклікала шмат спрэчак, — кажа TUT.BY. Малюнак апынуўся ў дзясятке лепшых графіці света за кастрычнік таго ж году.
Працу выканаў майстар стрыт-арту, грэцкі мастак Іна. Аднак не ўсе мінчане ацанілі твор. У студзені 2016 года Мінскі мастацка-экспертны савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве рэкамендаваў выдаліць альбо змяніць графіці на вул. Варанянскага. Улады раёна чакалі мастака, каб той скончыў працу. Аднак не дачакаліся і сення мурал замалявалі.
Што цікава, чыноўнікі і працоўныя далі розныя версіі таго, чаму замалёўваецца мурал. Нам. кіраўніка Кастрычніцкага раёну Аляксандр Астаповіч сказаў, што прычына - цеплавая мадэрнізацыя дома. Сцяну мусяць пакрыць грунтоўкай.
Працоўныя на месцы сказалі, што яны пакрываюць сцяну фарбай, а не грунтоўкай. Прычына - скаргі жыхароў суседняга дома. Жыхарка ж дома з пятага паверха паведаміла, што сцяну ім ужо ўцяплялі.