У Мінскім заапарку жывуць белыя львы, якія належаць Мікалаю Лукашэнку

Прыкладна год таму львоў у заапарк перадала сям'я Лукашэнкі, паведамілі ў заапарку. Але ў Мінск даслалі чатырох львянят. Дзе яшчэ два?

Фота www.kp.by

Фота www.kp.by

Рэдкіх жывёл Мікалаю Лукашэнку, сыну кіраўніка дзяржавы, падарыў армянскі бізнесовец Гагік Царукян, паведамляе армянскае выданне hetq.am.

Аказваецца, прыкладна год таму двух львоў у заапарк перадала сям'я Лукашэнкі.

У Мінскім заапарку львяняты падраслі. Льва клічуць Нік, а львіцу — Ніка. Жывёлы добра зносяцца з наведвальнікамі.

Праўда, па інфармацыі армянскага СМІ, у Беларусь адпраўляліся чацвёра львянят і, калі двое — у мінскім заапарку, то дзе знаходзіцца яшчэ пара львоў? У прыродзе белыя львы практычна не захаваліся, яны жывуць у заапарках. Гэта не асобны падвід, гэта жывёлы-альбіносы — следства геннай мутацыі.

Бізнесовец Гагік Царукян вядомы як сузаснавальнік кампаніі «Армянскі стандарт», якая імпартуе ў Беларусь армянскія каньякі і брэндзі. Царукяна і Лукашэнка звязвае даўняе сяброўства. На мерапрыемствах армянскага мільярдэра ў Ерэване беларускаму прэзідэнту і яго сыну Мікалаю аказвалі цёплы прыём, нагадвае www.kp.by



lvy555.jpg

18 кастрычніка 2016 года з Арменіі ў Беларусь былі дастаўлены 4 рэдкіх белых льва. У Арменію жывёлы былі дастаўлены ў красавіку таго ж года. Краінай іх паходжання была ўказаная Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, паведамляе hetq.am

Паколькі белыя львы належаць да жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, — гэта значыць, што падораныя Царукянам львы былі разведзеныя і чыпаваныя ў няволі.

47_tsarukyan.jpg

49_tsarukyan.jpg

У выдадзеных МОП дазволах пазначаны нумары чыпаў. Калі меркаваць па дакументах, львы былі імпартаваныя ў той жа дзень, 2016/04/25, і на падставе таго ж самага дазволу, аднак у Беларусь былі дастаўлены па двух асобным дазволах CITES.

 Не вядома, як склаўся лёс двух іншых львоў. Магчыма, Лукашэнка перадаў у заапарк толькі двух жывёл, а астатнія двое знайшлі прытулак у рэзідэнцыях кіраўніка Беларусі.

 Цікава, што ў 2016 годзе ў базе дадзеных сайта CITES дастаўленыя ў Арменію львы не згадваліся. З Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі львы таксама не былі экспартаваныя ў Арменію, звяртае ўвагу армянскае выданне.

 Адметна, што ў Ерэванскім заапарку белых львоў няма. У інтэрнэце гэтыя жывёлы пазначаны як найбольш дарагімі, бо надзвычай рэдкія. Кошт нованароджаных белых ільвянят вагаецца ў межах 140 тысяч долараў.

 Паводле hetq.am, www.kp.by