У Мінску адмяняюцца рэпетыцыі параду на 9 траўня
Яшчэ адна запланаваная рэпетыцыя парада на 9 траўня сарвалася ў Мінску.
Адна павінна была прайсці ўчора, 29 красавіка, з перакрыццем руху па вуліцы Машэрава. «Свабода» піша, што ўдзельнікаў трэніроўкі пачалі прывозіць на ваенных аўтобусах на паркоўку побач з паркам Перамогі а 21:00. Але гэта ўсё: відавочцы заўважылі, што, акрамя кароткага абмеркавання некалькімі дзесяткамі чалавек, нічога не адбылося. А 22:15 аўтобусы з ваеннымі адзін за адным пачалі з'язджаць. Афіцыйных каментароў аб гэтым пакуль няма.
Такое здараецца не ўпершыню. На 27 красавіка была прызначана трэніроўка зводнай роты ганаровай варты, дзеля чаго ў раёне абмяжоўвалі рух усіх відаў транспарту, але ў выніку рэпетыцыі ніхто не ўбачыў. Міністэрства абароны тлумачыла гэта так: «Учорашні дзень [27 красавіка] быў рэзервовы. Падрыхтоўка да параду — жывы працэс. Часам ёсць неабходнасць у рэзервовых трэніроўках, часам не. Калі трэніроўкі планаваліся, яшчэ не быў абвешчаны графік выходных у краіне. У сувязі з выходнымі трэніроўку адмянілі».
Таксама пару дзён таму «Наша Ніва» спрабавала даведацца ў ведамства, пры якой колькасці хворых на каронавірус у Беларусі (а іх колькасць імкліва расце — сёння вядома пра 13181 эпізоды інфекцыі) Мінабароны адмовіцца ад арганізацыі параду. «Ваеннаслужачыя, Якія бяруць удзел у парадзе у гонар 75-годдзя перамогі Савецкага народу Ў Вялікай Айчыннай вайне, знаходзяцца пад пільным медыцынскім назіраннем. На сёння сярод удзельнікаў параду інфікаваных няма, гэтя дазваляе нам працягваць падрыхтоўку ды параду ў штатным рэжыме», — адказалі ў міністэрстве.
Наступная трэніроўка роты ганаровай варты чакаецца сёння, а генеральная рэпетыцыя парада — 5 і 7 траўня.
Паводле kyky.org