У Мінску асуджаны ўдзельнік пятнічнай акцыі каля КДБ

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 3 красавіка судзілі ўдзельніка акцыі салідарнасці з фігурантамі справы аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў», якая праходзіла 31 сакавіка каля будынка КДБ.

Затрыманне Ніны Багінскай падчас акцыі каля КДБ 31 сакавіка

Затрыманне Ніны Багінскай падчас акцыі каля КДБ 31 сакавіка

Журналісты паведамілі пра пяцярых затрыманых падчас акцыі, сярод якіх назвалі актывістку Ніну Багінскую, палітыка Паўла Севярынца і пісьменніка Анатоля Кудласевіча, якія былі дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска.

Пазней сустаршыню БХД Паўла Севярынца, асуджанага раніцай 31 сакавіка да 10 сутак арышту за абарону Курапатаў, даставілі ў ЦІП на Акрэсціна, а Ніну Багінскую адпусцілі. Відавочна, адпусцілі і яшчэ двух затрыманых, паколькі сёння ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся адзін адміністратыўны працэс, звязаны з гэтай акцыяй.    



Суддзя суда Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня разгледзела справу Анатоля Кудласевіча і прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (артыкул 23.34 КаАП), пакараўшы штрафам у 10 базавых велічынь.

Як паведаміла прэс-служба БХД, Паўла Севярынца за акцыю каля КДБ будуць судзіць 10 красавіка.

spring96.org