У Мінску асудзілі блогерку Дар’ю Ціханаву: два з паловай гады калоніі

Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў блогерку Дар’ю Ціханаву (Афанасьеву) на два з паловай гады калоніі за «актыўны ўдзел» у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Мінску. Яна прызнаная вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК, паведамляюць праваабаронцы.

Дар'я Ціханава. Кадр з «пакаяннага відэа»

Дар'я Ціханава. Кадр з «пакаяннага відэа»


Прысуд быў агучаны 5 красавіка. Доказамі вінаватасці ў справе Дар’і Ціханавай былі яе фотаздымкі на мірных маршах. Пракурор патрабаваў для яе тры гады зняволення. Актывістка ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
Дар’я Ціханава — актывістка і фемблогерка, вядомая як «Дафна». У Instagram дзяўчына вяла асветніцкую дзейнасць, расказвала пра сэксізм і фемінізм. У яе было каля 10 тысяч падпісчыкаў (цяпер яе акаўнт выдалены). Да затрымання Дарʼя працавала менеджаркай па развіцці персаналу.
Жанчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 28 снежня — «пакаяннае відэа» з ёю з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах. Ёй выставілі абвінавачанне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ў следчы ізалятар. Да суду Дар’я ўтрымлівалася пад вартай цягам трох месяцаў. Вядома, што некаторы час яна знаходзілася ў адной камеры з былой кіраўніцай грамадскага абʼяднання «Радзіслава» палітзняволенай Вольгай Гарбуновай.
Па стане на 9 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1102 чалавекі.