З Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі звальняюць акцёраў
5 красавіка з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі звольнілі актрысу Алену Баяраву. Яна адпрацавала ў тэатры 22 гады. Потым стала вядома пра сыход яшчэ траіх артыстаў, паведамляе «Еўрарадыё».
«Калегам, якія будуць граць мае ролі, — поспеху. А я —
у чаканні новых творчых прапаноў», — напісала Алена Баярава (на здымку) у сацсетках.
Як высветлілі журналісты, за сакавік — пачатак красавіка
2022 года з тэатра сышлі яшчэ трое акцёраў: Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і
Максім Шышко. Біяграфіі ўсіх траіх зніклі з сайта РТБД.
Дарэчы, Максіма Шышко 27 лютага затрымлівалі на антываеннай
дэманстрацыі. Пазней з'явілася інфармацыя, што яго выслалі з Беларусі і
забаранілі ўезд на 10 гадоў. Максім нарадзіўся ва Украіне ў 1989 годзе.
Звальненні або вымушаны сыход з тэатра працягваюцца з восені
2020-га. Тады з РТБД сышлі Мікалай Стонька і Андрэй Новік. Стонька такім чынам
пратэставаў супраць цэнзуры, а Новік сышоў «на знак салідарнасці з
страйкоўцамі і звольненымі».
У траўні 2021 года з Беларусі з'ехаў акцёр Ілля Ясінскі, які
ўдзельнічаў раней у акцыях і быў затрыманы падчас аднаго з маршаў. Тады яму
зламалі пазванкі. У 2021-м акцёрам зноў зацікавіўся Следчы камітэт, пасля чаго
ён пакінуў радзіму.
Напрыканцы снежня 2021 года з РТБД звольнілі мастацкага
кіраўніка Аляксандра Гарцуева, які ўзначальваў тэатр з 2012 года.