У Мінску асудзілі мужчын, якія падчас антываеннага мітынга «ішлі» на сілавіка. Абодвух катавалі

У Мінскім гарадскім судзе агучаны вырак інжынеру Аляксандру Комару і Андрэю Андрэеву. Суддзя Дзіна Кучук асудзіла Андрэя да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Аляксандра — да трох гадоў. Абодва мужчыны не прызналі віну, паведамляюць праваабаронцы.

54562620_605.jpg

Іх абвінавацілі ў «гвалце ці пагрозе гвалту» у адносінах да салдата Крута за тое, што падчас аднаго антываеннага ў мітынгу 27 лютага 2022 года ў Мінску яны проста ішлі на яго, у той час як ён адступаў.

Падчас суда стала вядома, што мужчын збівалі пры затрыманні — Комара збілі падчас затрымання, а пасля яшчэ раз праз тое, што ён запэцкаў крывёю машыну. У Жодзіна мужчыну кінулі ў аднамесны карцар, дзе было восем чалавек — ён прастаяў там два дні.

Андрэеву пагражалі, у тым ліку, сэксуальным гвалтам, замахваліся на яго, ён стаяў на каленях. Пяць дзён яго не кармілі, а потым таксама кінулі ў карцар.