У Мінску будуць судзіць 20-гадовых хлопцаў за ўдзел у маршах мінулай восенню

Следчае ўпраўленне УСК па Мінску завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да трох маладых людзей — «актыўных удзельнікаў групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія адбыліся на тэрыторыі сталіцы ў мінулым годзе, перадае прэс-служба СК.

sk.gov.by

sk.gov.by

Па даных следства, днём 25 кастрычніка мінулага года трое 20-гадовых хлопцаў, «дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена, прымалі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, тым, што адбывалася на праспекце Машэрава ў Мінску. Разам з нявызначанымі асобамі абвінавачаныя доўга і ўпарта парушалі грамадскі спакой, а пры знаходжанні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства яны прынялі ўдзел у блакаванні шляхоў транспартных камунікацый».
У ходзе расследавання ўстаноўлена, што адзін з іх браў удзел у мітынгах яшчэ і 1 лістапада мінулага года. Нібыта знаходзячыся на праезнай частцы, «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, а таксама вядзення дэструктыўнай дзейнасці абвінавачаны выкрыкваў розныя лозунгі, блакаваў рух транспарту і разам з іншымі асобамі ігнараваў законныя патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
Следчым дапытаныя абвінавачаныя і сведкі. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя відэаматэрыялы, размешчаныя ў інтэрнэце, а таксама запісы камер відэаназірання. Усе фігуранты раней не судзімыя, а двое з іх нідзе не працуюць.
Маладым людзям прад'яўленае абвінавачванне па ч.1 арт.342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне работы транспарту) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З санкцыі пракурора да двух з іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, да трэцяга — асабістая парука. Адзначаецца, што ўсе фігуранты прызналі віну і раскаяліся ў зробленым.
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.