У Мінску падлетак нападпітку пабіў міліцыянта

У Мінску падлетак ударыў міліцыянта пасля таго, як яму прапанавалі «прысесці» ў аўтамабіль для дастаўкі ў райаддзел. 17-гадовы хлопец затрыманы, на яго заведзеная крымінальная справа.

untitled_4.jpg

Як паведамляе прэс-служба МУС, інцыдэнт адбыўся 29 кастрычніка. Нарад ППС на вуліцы Мяснікова «заўважыў трох хлопцаў, якія паводзілі сябе задзірліва». У аднаго з хлопцаў былі «відавочныя прыкметы ап'янення», у іх папрасілі паказаць дакументы для праверкі, а потым прапанавалі прайсці ў аддзяленне, бо дакументаў з сабой у маладых хлопцаў не было. Адзін з маладых людзей адмовіўся сядаць у машыну і ўдарыў аднаго з міліцыянтаў у твар.

«Для спынення супрацьпраўных дзеянняў фігуранта ў дачыненні да яго былі ўжытыя фізічная сіла і спецыяльныя сродкі (у тым ліку пярцовы газ)», — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле ведамства, маладыя людзі непаўналетнія, адзін з іх ужо быў судзімы за хуліганства. Медагляд пацвердзіў алкагольнае ап'яненне ў затрыманых.

Паводле «Е*рарадыё».