У нядзелю ў Беларусі зноў затрымлівалі людзей

Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў факты палітычнага пераследу 11 красавіка.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Мінск

У Мінску ўчора ў раёне вуліцы Алібегава затрымалі 30-гадовага Паўла Іванова. Верагодна, прычынай затрымання стаў БЧБ-сцяг, які быў пры ім. З Маскоўскага РУУС яго даставілі на Акрэсціна.
Таксама ўчора ў Мінску затрымалі Станіслава Кучынскага. Вядома толькі, што яго змясцілі на Акрэсціна. Прычына затрымання высвятляецца.

Гродна

Як паведамляе «Белсат», у Гродне ўчора падчас гандбольнага матчу «Кронан – СКА Мінск» ледзь не затрымалі дзяўчыну. Падстава — ахоўны «бампер» на тэлефон з выявай «Пагоні» Калі заўзятары вырашылі сфатаграфавацца, дзяўчына дастала тэлефон. «Пагоню» на тэлефоне заўважылі міліцыянты, падышлі да заўзятараў і сказалі, каб дзяўчына схавала тэлефон, іначай гэта будзе расцэнена як пікет.
Таксама падчас матчу быў затрыманы грамадскі актывіст Максім Губарэвіч. Падстава — нашыўка з «Пагоняй». Максім быў дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС, пасля чаго дома ў яго міліцыянты правялі агляд.

Салігорск

Учора не выйшаў з сутак член стачкама ААТ «Беларуськалій» Дзмітрый Ліцвін. Яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у марафоне ў падтрымку спартсменаў. Пасля суда Дзмітрыя перавезлі у ІЧУ Любані адбываць пакаранне. Мама, сябры і члены стачкі прыехалі ў Любань сустракаць стачкамаўца, але там яны дазналіся, што Дзмітрыя пазбавілі волі яшчэ на 11 сутак. Што стала падставай для гэтага адміністрацыйнага арышту — невядома.