У палацы Горватаў у Нароўлі пачнуцца будаўнічыя працы

Гомельскі грамадскі дзеяч, выдавец і публіцыст Пётр Кузняцоў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што ўсе экспертызы па праекце рэканструкцыі палацу Горватаў у Нароўлі пройдзеныя, і Нараўлянскі райвыканкам выдаў дазвол на будаўнічыя працы.

311512041_5818295574898551_6675225535018544851_n_1024x768.jpg

Папяровая версія яшчэ толькі будзе адасланая, але электронная ўжо прыйшла праз Вайбер, паведаміў Пётр Кузняцоў.

«Гэта было няпроста, вельмі няпроста. Не валодаю дакладнымі лічбамі, але есць ўражанне, што пераважная большасць падобных пачынанняў, дзе за справу бяруцца энтузіясты, і гэтыя энтузіясты — не дзяржава, — сканчаюцца менавіта на этапе праектавання. Мы ж гэта зрабілі і пойдзем далей», — напісаў ён.

«Да будаўніцтва кроўлі мы гатовыя. Каб проста зараз на палацы пачалі працаваць будаўнікі, засталося вырашыць чатыры даволі тэхнічных пытанні. Гэта будуць мае задачы на бліжэйшыя 5-10 дзён. Але ўжо на гэтым тыдні там пачнуць працаваць спецыялісты з ацэнкамі, разметкамі і вось гэта ўсе. Вяртацца з навінамі буду па меры іх з’яўлення. Гэта можа быць не часта, бо будоўля — гэта не навіны, гэта праца. Галоўная навіна ў тым, што ніхто нічога не кінуў і не збіраецца», — дадаў Кузняцоў.

Глядзіце таксама

Нагадаем, што ідэя аднавіць палац Горватаў у Нароўлі належыць пісьменніку Андрэю Горвату. Палац у Нароўлі Горват набыў напрыканцы 2020 года. Будынак, які мае патрэбу ў аднаўленні, адносіцца да ХІХ стагоддзя і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Нараўлянскі палац быў пабудаваны ў 1850 годзе для сям’і арыстакрата Даніэля Горвата. Будынак знаходзіцца на правым беразе ракі Прыпяць.

Кампаньёнамі літаратара ў прадпрыемстве, заснаваным пад праект рэнавацыі помніка архітэктуры, сталі Аляксандр Баранаў і публіцыст Пётр Кузняцоў. За гэты час, дзякуючы сотням валанцёраў, ён быў ачышчаны ад завалаў і зараз чакае кансервацыі і новага даху.

У красавіку мінулага года Андрэй Горват напісаў у ФБ допіс, з якога ўсе цалкам абгрунтавана зразумелі, што аўтар пакінуў краіну. І пасля зрабілі не менш абгрунтаваную выснову, што палацам у Нароўлі ён больш займацца не будзе.

Але палацам працягваў займацца Пётр Кузняцоў, які распрацаваў паўнавартасны праект рэстаўрацыі, узгадніў яго з мясцовымі ўладамі і атрымаў станоўчае заключэнне Дзяржэкспертызы.