У Паставах міліцыянты робяць агляды дамоў і кватэр актывістаў

Міліцыянты прыходзілі дадому да актыўных грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях, і шукалі беларускую нацыянальную сімволіку, сцягі і нават самагон. 

 

pastanova_1_1.jpg

З канца лістапада і па сённяшні дзень у грамадскіх актывістаў з Пастаўшчыны праходзяць агляды дамоў і кватэр, паведамляе «Радыё Рацыя».

Да кагосьці міліцыянты прыходзілі з пастановамі за подпісам пракурора, а да кагосьці проста наведваўся ўчастковы міліцыянт і аглядаў хаты і гаспадарчыя пабудовы.

Як кажуць пастаўскія актывісты, агляды адбываліся ў межах праверкі па факце ўчынку адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле 23.34 неўстаноўленымі грамадзянамі.

Аказваецца, міліцыянты ў тэлеграм-канале “Пастаўшчына для жыцця” ўбачылі тры фотаздымкі людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі на фоне ляснога масіву.

Гэта нешта такое не зусім зразумелае. Яны ездзілі па хатах. У мяне дома дзеці малыя. Зайшлі з панятымі. Праводзілі агляд усіх будынкаў.

— А што шукалі, вам сказалі?

— Можа раптам яны дзесьці б якую сімволіку ўбачылі дома, ці яшчэ што.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, тут нават назіраецца яўная дыскрымінацыя.

Павінен быць дакумент, у якім павінна быць указана, у каго праводзіцца, для чаго праводзіцца і што шукаюць. Калі няма дакумента, то можна дзверы не адчыняць і нікога на парог не пускаць. У дакуменце павінна быць напісана, у сувязі з чым гэта адбываецца. Яны не могуць завесці справу на нявыяўленую асобу. У такім выпадку можна завесці крымінальную справу ў адносінах нявыяўленай асобы і прыйсці з такой паперай да любога грамадзяніна Беларусі.

Падчас агляду ў некаторых пастаўчан забралі мабільныя тэлефоны, бел-чырвона-белыя сцягі, парасоны і нават самагон.

pastanova_2.jpg


Як кажуць пастаўчане, усе гэтыя агляды робяцца для чарговага запалохвання найбольш актыўных грамадзянаў, якія выказваюцца супраць гвалту ўладаў і за сумленныя выбары.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя