У пасведчанні аб смерці Сяргея Іванова пазначана: «Прывядзенне прысуду ў выкананне»

Сваякі асуджанага да смяротнага пакарання і расстралянага жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова атрымалі афіцыйнае пацверджанне аб прывядзенні прысуду ў выкананне ў СІЗА№1 Мінска.

Сяргей Іваноў. Кадр з праграмы тэлеканала «Беларусь-1»

Сяргей Іваноў. Кадр з праграмы тэлеканала «Беларусь-1»


Яшчэ 6 траўня асуджаны да смяротнага пакарання Сяргей Хмялеўскі падчас разгляду сваёй скаргі Вярхоўным судом паведаміў, што ў “спецкалідоры” СІЗА №1 на Валадарцы знаходзіўся некаторы час у адной камеры з іншым смяротнікам. У ноч з 17 на 18 красавіка яго вывелі з камеры, а Хмялеўскаму загадалі сабраць асабістыя рэчы сукамерніка. Больш яго Хмялеўскі не бачыў. Праваабаронцы высветлілі, што ў адной камеры з Хмялеўскім знаходзіўся Сяргей Іваноў.  Затым інфармацыю аб прывядзенні прысуду ў выкананне праваабаронцы ўдакладнілі ў сваякоў і яна цалкам падцвердзілася.
Днямі ім даслалі афіцыйнае “Пасведчанне аб смерці”. У радку аб прычыне смерці Сяргея Іванова напісана: “Прывядзенне прысуду ў выкананне”. Пазначаная таксама і дата выканання прысуду — 18 красавіка.
 

pasvedchanne_smercj_ivanou.jpg


Як паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, раней у гэтым радку ў пасведчаннях аб смерці асуджаных да смяротнага пакарання прастаўляўся толькі прочырк. На гэтую праблему неаднаразова звярталі ўвагу праваабаронцы, а  ў выніку быў створаны рэзанансны фільм “Прычына смерці — прочырк”.
Неўзабаве, прочырк на некаторы час замянілі на такую ж па-сутнасці невыразную фармуліроўку: “Звесткі не прадастаўленыя”. Менавіта такі запіс быў зроблены ў пасведчанні аб смерці Паўла Селюна, растралянага два гады таму ў ноч з 17 на 18 красавіка (яшчэ адно невытлумачальнае супадзенне!).
 

pasvedchanne_ab_smierci___pavel_sialiun.jpg


Андрэй Палуда, які прадстаўляе інтарэсы Сяргея Іванова ў Камітэце па правах чалавека ААН,  дзе на разглядзе знаходзіцца ягоная скарга, праінфармаваў Камітэт аб прывядзенні ў выкананне першага ў гэтым годзе смяротнага прысуду. Згодна прынятым на сябе міжнародным абавязальніцтвам, Рэспубліка Беларусь не павінна была расстрэльваць Іванова да разгляду ягонай скаргі па-сутнасці, аднак на практыцы краіна не аднойчы ігнаравала гэтую міжнародную норму.
Зараз у Беларусі чакаюць прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду асуджаныя да вышэйшай меры пакарання Іван Кулеш, Генадзь Якавіцкі, Сяргей Хмялеўскі, а таксама жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў, у якога застаецца шанец абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе.
spring96.org