У Пінску выпусцілі першы беларускі спінэр. Ён квадратны і драўляны
Майстры з Пінска, якія робяць 3D-пазлы пад брэндам Eco-Wood-Art, зрабілі першы беларускі эка-спінэр.

Айчынны аналаг папулярнай цацкі называецца «твістэр». Ад арыгінала ён адрозніваецца формай, матэрыялам вырабу і працягласцю кручэння — наш хутчэй спыняецца. Затое больш экалагічны і бяспечны, сцвярджаюць вытворцы.
«Вонкава ён вельмі нагадвае спінэр, але наш прадукт зроблены без падшыпнікаў і таму круціцца максімум пару секунд, пры гэтым ён больш экалагічны — ніякага пластыка і жалеза — і бестраўматычны. Ён хутчэй выконвае функцыю ружанца. Мы яго яшчэ называем «Антыстрэс», — паведамілі на прадпрыемстве.

Eco-wood-art - гэта праект пінскай кампаніі ТАА «Кангламерат», якая займаецца фанерным бізнесам. Над стартапам каманда пачала працаваць з верасня мінулага года. На сённяшні дзень кампанія выпусціла дзесяць мадэляў 3D-пазлаў. З іх палова — гэта танкі і асадная тэхніка. Таксама ў калекцыі ёсць мадэлі вінтажных Ford і БелАЗа.
Паводле tut.by