У Пінску знік карэспандэнт сайта «Медыя-Палессе», якога ўчора выклікалі ў міліцыю
Журналіста Яўгена Мікалаевіча выклікалі 24 лістапада ў пінскую міліцыю, пасля гэтага сувязь з ім знікла.

Як паведамляе БАЖ, карэспандэнта «Медыя-Палессе» Яўгена Мікалаевіча праз тэлефон запрасілі прыйсці ў аддзяленне крымінальнага вышуку ў Пінску, дзе яго хацелі апытаць. У якасці каго і ў рамках якой справы, не патлумачылі. У 14:30 ён папярэдзіў пра гэта галоўнага рэдактара і пайшоў на размову.
Увесь вечар сувязі з журналістам не было, яго тэлефон недаступны і раніцай.
Начальнік Пінскага ГАУС Дзмітрый Каравякоўскі на пытанне рэдактаркі Святланы Гарда аб выкліку і месцазнаходжанні Яўгена Мікалаевіча, сказаў, што нічога не ведае, бо ў вытворчасці Пінскага ГАУС знаходзіцца больш за 1800 матэрыялаў. Ён прапанаваў напісаць пісьмовы запыт, што і было зроблена.
Яўген Мікалаевіч асвятляў акцыі пратэсту ў Пінску, яго судзілі ўжо двойчы і каралі «суткамі» за працу на акцыі 10 жніўня, а таксама за знаходжанне на мітынгу 30 жніўня — тады ён наогул стаяў убаку. Другога тэрміну журналіст не адбываў, пастанова была абскарджаная ў абласным судзе.