У Польшчы хочуць перайменаваць вуліцу Браніслава Тарашкевіча

Польскі Інстытут Нацыянальнай Памяці прапаноўвае перайменаваць гэтую вуліцу ў рамках працэсу «дэкамунізацыі» ў Падляскім ваяводстве.

1018126898_4v4u8.jpg

Ахвяра НКВД можа стаць і ахвярай «дэкамунізацыі», піша Алесь Чайчыц у "Нашай Ніве".

У Бельску-Падляскім могуць перайменаваць вуліцу Браніслава Тарашкевіча, знакамітага беларускага лінгвіста і палітыка, аўтара першай граматыкі беларускай мовы, дэпутата польскага Сойма ў дваццатыя гады, закатаванага савецкім НКВД ў 1938 годзе.

Як пішаGazeta Wyborcza, польскі Інстытут Нацыянальнай Памяці прапаноўвае перайменаваць гэтую вуліцу ў рамках працэсу «дэкамунізацыі» ў Падляскім ваяводстве.

Абсурд: у сучаснай Беларусі рэпрэсаваны незалежнік Тарашкевіч і названая ў ягоны гонар «тарашкевіца» — наадварот, сімвал антысавецкасці.

У гонар Тарашкевіча таксама названы беларускі ліцэй у Бельску-Падляскім. Ці прымусяць яго таксама перайменавацца?

Тарашкевіч, масон і сацыяліст, у выніку складанай палітычнай эвалюцыі стаў адным з лідараў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і сябрам прасавецкай КПЗБ.

Інстытут Нацыянальнай Памяці, магчыма, не памятае, што прычынай палітычнай эвалюцыі Тарашкевіча была шматгадовая дыскрымінацыя беларусаў у Заходняй Беларусі. Тарашкевіч быў арыштаваны палякамі спачатку ў 1927 і другі раз у 1931 гадах, і ў 1933 годзе абменены з Францішкам Аляхновічам у рамках абмену палітычнымі вязнямі між Польшчай і СССР. У 1937 годзе ён быў арыштаваны ўжо ў СССР, разам з усімі паплечнікамі па заходнебеларускім нацыянальным руху, і забіты.

Для беларусаў Тарашкевіч — топавы інтэлектуал і сімвал змагання за нацыянальныя правы ў міжваеннай Польшчы.

Канфлікты вакол гісторыі — наша супольная ўсходнееўрапейская бяда.

Войны на Балканах, анексія Крыма і вайна на Данбасе, вугорскія пагрозы Украіне з-за закону аб адукацыі — усё гэта сімптомы той жа самай хваробы.

Беларусы ад гэтай хваробы, на жаль, таксама не свабодныя. Сярод іх таксама ёсць наіўныя людзі, якія заклікаюць да перадзелу межаў. Праўда, у Беларусі гэта робяць адзінкавыя маргінальныя паўвар’яты, а не буйныя палітыкі ці рэспектабельныя грамадскія дзеячы.

Прыкра назіраць, як паспяховая еўрапейская Польшча у пытаннях гістарычнай памяці ўстае на чатыры нагі. Хаця памятайма, што не ўсе палякі стаяць за гэтай палітыкай.

Удвая прыкра, што ў Польшчы робяцца шкодныя інфантыльныя жэсты ў той самы час, калі гэта больш за ўсё выгадна агрэсіўнай пуцінскай Расіі.

Аднойчы ўсе мы — палякі, беларусы, вугорцы, расейцы, літоўцы, сербы — гэтымі дзіцячымі нацыяналістычнымі хваробамі, нарэшце, перахварэем. Хутчэй бы ўжо гэты час прыйшоў.

А пакуль заклікаю беларускую грамадскасць у Польшчы не пакідаць сітуацыю па-за ўвагаю. Мабілізуйце беларускую амбасаду, рабіце нешта, каб абараніць імя Браніслава Тарашкевіча.

Алесь Чайчыц, nn.by