У праваслаўных храмах Беларусі сёння пройдуць службы за ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
31 кастрычніка якраз прыпадае на адзначэнне Сабора навамучанікаў і спаведнікаў зямлі беларускай.
Ва ўсіх праваслаўных храмах і манастырах Беларусі 31 кастрычніка за літургіяй «бласлаўляецца здзейсніць памінальнае памінанне» людзей, «бязвінна багаборцамі забітых ці тых, хто быў у зняволенні» — пацярпеў у гады сталінскіх рэпрэсій, — гаворыцца ў паведамленні на сайце БПЦ.
У паведамленні адзначаецца, што праваслаўная царква «памятае не толькі славутых яе святых, але і ўсіх нявінных ахвяр рэпрэсій, заклікаючы грамадства захаваць памяць аб гэтых трагічных старонках гісторыі».
«28, 29 і 30 кастрычніка 1937 года па Беларусі пракацілася хваля расстрэлаў вернікаў, а ў падвалах мінскай турмы пакаралі смерцю больш за сотню прадстаўнікоў беларускай культурнай і навуковай эліты. Менавіта таму і ў царкоўным, і ў грамадзянскім календары апошнія дні кастрычніка ў Беларусі стаяць асобна, як дні нацыянальнай жалобы», — адзначае БПЦ.
Наша Ніва