У Расіі скарачаецца колькасць прыхільнікаў аб'яднання з Беларуссю
39% апытаных расіян прагаласавалі б за аб'яднанне Расіі і Беларусі, калі б праводзіўся рэферэндум па гэтым пытанні. 24% прагаласавалі б супраць. Такія вынікі апытання Даследчага цэнтра Superjob.ru.
Апытанне было праведзена 16-18 верасня 2020 года сярод 1600 рэспандэнтаў, старэйшых за 18 гадоў, якія прадстаўляюць эканамічна актыўнае насельніцтва Расіі, у 335 населеных пунктах ва ўсіх федэральных акругах.
Па дадзеных Superjob.ru, 39% апытаных расіян прагаласавалі б за аб'яднанне Расіі і Беларусі, калі б праводзіўся рэферэндум па гэтым пытанні. 24% прагаласавалі б супраць. 11% расіян не пайшлі б галасаваць у выпадку правядзення такога рэферэндуму, 26% рэспандэнтаў не змаглі адказаць на пытанне пра свой удзел у такім галасаванні.
У цэлым, паводле даследавання, 69% расіян у той ці іншай меры праінфармаваныя аб цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі — 37% суграмадзян уважліва сочаць за тым, што адбываецца ў суседняй краіне, 32% удзельнікаў апытання маюць уяўленне пра беларускія падзеі ў агульных рысах. Не сочаць за цяперашнімі падзеямі ў Беларусі 31% рэспандэнтаў.
Раней супрацоўнікамі незалежнай даследчай групы Сяргея Беланоўскага было праведзена сацыялагічнае апытанне з нагоды магчымасці аб'яднання Расіі і Беларусі ў адзіную дзяржаву.
Вынікі гэтага даследавання апублікаваныя на сайце Forbes.ru. Высветлілася, што большасць апытаных расіян (52%) станоўча ставілася да дадзенай ідэі, тым часам як не падтрымліваў аб'яднанне толькі кожны 4-ты.
Нагадаем, пераважная большасць беларусаў супраць аб'яднання з Расіяй. Паводле апытання Беларускай аналітычнай майстэрні, 74,6% беларусаў перакананыя, што Беларусь і Расія павінны быць цалкам незалежнымі дзяржавамі, але мець сяброўскія адносіны з адкрытай мяжой.
6,6% апытаных лічаць, што адносіны з Расіяй не павінны адрознівацца ад стасункаў з іншымі краінамі — гэта значыць павінны існаваць закрытая мяжа, мытня і візы.
За аб'яднанне Беларусі і Расіі ў саюзную дзяржаву выказаліся 12,8% рэспандэнтаў, а за ўваходжанне ў склад РФ — 3,7%.
thinktanks.by