У сеціве з’явілася база дадзеных аўто наведвальнікаў «Поедем, поедим»

База дадзеных створана на падставе фота- і відэафіксацыі ўдзельнікамі Курапацкай варты транспартных сродкаў усіх наведнікаў, пастаўшчыкоў, персаналу і абслугі забаўляльняга комплексу.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Пра намеры апублікаваць і надаць Базе статус адкрытага доступу лідар Курапацкай варты Павел Севярынец і журналіст Дзяніс Івашынзаявілі яшчэ падчас прэс-канферэнцыі 11 кастрычніка. Таксама яны паведамілі, што актывісты Варты пакідаюць за сабой права апублікаваць і персанальныя дадзеныя ўдзельнікаў кампаніі дыскрэдытацыі Народнага мемарыялу Курапаты.
Маніторынг дзейнасці рэстарацыі адбываецца практычна з моманту яе адкрыцця і пачатку сёлетняй Варты абароны Курапатаў. Базу дадзеных распачынае запіс паводле фіксацыі, зробленай яшчэ 1 чэрвеня. Рэгіструюцца аўтамабільныя нумары, маркі і мадэлі аўто, колер і тып кузава. Апроч гэтага, у базу трапляюць усе аўтамашыны службаў таксі, якія падвозяць або забіраюць наведнікаў ці працаўнікоў комплексу.
Уся атрыманая інфармацыя апрацоўваецца, верыфікуецца і аналізуецца. З дапамогай крыніц адкрытага доступу (OSINT) выяўляюцца і ідэнтыфікуюцца асобы наведнікаў, інфармацыя пра якіх зводзіцца ў закрытую частку базы дадзеных, мэтазгоднасць публікацыі якой таксама разглядаецца.
«Усе наведнікі, усе пастаўнікі, абслуга і персанал — заносяцца ў базу дадзеных. Усе, хто свядома туды ідзе, — а трэба зазначыць, што абаронцы тлумачаць, што гэта за месца, што тут адбываліся расстрэлы людзей, што тут расстрэльныя яміны. Людзі ідуць свядома, пасля гэтага патрапляюць у базу дадзеных. Трэба зазначыць, што досыць шмат людзей, калі чуе, што чалавек будзе зафіксаваны і патрапіць у гэтую базу, разварочваюцца і сыходзяць», — падкрэсліў Дзяніс Івашын.
На гэты момант у базе зведзена інфармацыя пра звыш за 1100 фіксацый, фігуруць больш за 650 транспартных сродкаў. Сярэдняя колькасць наведвання рэстарацыі — 9 машын кліентаў на дзень.
Збудаваны у ахоўнай зоне Курапатаў рэстарацыйна-забаўляльны комплекс «Поедем, поедим» паступова ператвараецца ва ўстанову клубнага тыпу для актыўных праваднікоў ідэалогіі «русского мира».
— Мы выяўляем тых людзей, якія з радасцю будуць вітаць расійскую агрэсію, мы фіксуем дзясяткі людзей у майках з Пуціным альбо прыхільнікаў «русского мира». Курапаты — гэта надзвычай важная, можа зараз нават ключавая кампанія, — зазначае Павал Севярынец.
Стваральнікі базы падкрэсліваюць, што кожны, хто свядома (або не) карыстаецца паслугамі, пастаўляе прадукты, працуе ці абслугоўвае забаўляльна-рэстарацыйны комплекс «Поедем, поедим», павінен разумець, што ўдзельнічае ў арганізаванай кампаніі дыскрэдытацыі і дэсакралізацыі Народнага мемарыялу Курапаты. Таксама ён павінен ўсведамляць, што выключна праз свае дзеянні ён будзе падлягаць грамадскай кампаніі астракізму. У выпадку, калі гэта прадстаўнік бізнес-колаў, на яго актывы будуць пашыраныя дзеянні ўсеагульнага байкоту, што непазбежна адаб’ецца на дзелавой рэпутацыі.
Урочышча Курапаты — адно з цэнтральных месцаў у Беларусі, дзе савецкія карныя ворганы НКВД здзяйснялі масавыя расстрэлы мясцовага насельніцтва. Паводле розных ацэнак колькасць забітых тут можа сягаць ад 30 да 250 тысяч чалавек. Гэта без перабольшвання — найвялікшае мемарыялізаванае сведчанне генацыду беларускага народу і наяўны доказ аднаго з самых жахлівых злачынстваў таталітарных рэжымаў у гісторыі чалавецтва.
Актывісты Варты абароны Курапатаў заклікаюць патрыётаў Беларусі далучацца штодня з 12.00 да 24.00 і дапамагаць фіксаваць наведвальнікаў рэстарацыі і дамагацца яе закрыцця, а таксама здзяйсняць грамадскі кантроль за спробамі знішчыць манументальную кампазіцыю Народнага мемарыялу.
Паводле informnapalm.org