У Смалявічах ля будынку міліцыі мужчына абліў сябе бензінам і падпаліў (фота, відэа 18+). Дапоўнена

У Смалявічах ля будынку міліцыі мужчына абліў сябе бензінам і падпаліў.

photo_2020_09_18_13_54_46.jpg


Як паведамляе Свабода, у Смалявіцкім РАУС адмовіліся пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтую інфармацыю, накіраваўшы ў прэс-службу МУС. Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава таксама адмовілася нешта сказаць на гэтую тэму, заявіўшы Свабодзе: «Мы размесцім ўсю інфарамцыю ў сваім тэлеграм-канале, калі палічым патрэбным».
Месца здарэння ачэплена, працуюць супрацоўнікі следчага камітэта. Тут ляжаць рэшткі адзення і абутак мужчыны. Відавочца паведаміў журналісту TUT.BY, што ён бачыў:
— Я пад'язджаў да скрыжавання, побач з якім знаходзіцца РАУС. Там стаялі пажарныя машыны з пробліскавымі маячкамі, ля ганка знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Каля іх ляжаў чалавек, побач гарэла нейкая ануча або адзенне. Спачатку падумаў, iто гэта лялька нейкая ляжыць, але потым заўважыў, што чалавек варушыцца. Ён быў увесь у нейкім белым парашку. Потым прымчаліся дзве машыны хуткай дапамогі, і мужчыну павезлі.


samosozhzhenie_smolevichi_rovd.jpg


Фота: TUT.BY
Мужчына, перад тым як сябе падпаліць, не крычаў якіх-небудзь лозунгаў — проста падпаліў сябе, а супрацоўнік РАУС патушыў яго з вогнетушыцеля.
Цяпер мужчына знаходзіцца ў Смалявіцкай раённай бальніцы, у рэанімацыі. Асоба яго высвятляецца. Таксама пакуль невядомыя прычыны, якія штурхнулі яго на такі ўчынак.


photo_2020_09_18_14_33_05.jpg


Між тым, Наша Ніва апублікавала фота, на якім медыкі ратуюць мужчыну, які самападпаліў сябе. 


photo_2020_09_18_14_26_59.jpg


Відэа з самападпалам апублікаваў тэлеграм-канал Nexta.


Прэс-служба МУС паведаміла, што 18 верасня, прыкладна апоўдні 36-гадовы мясцовы жыхар каля Смалявіцкага РАУС выліў на сябе з каністры бензін і падпаліў. Убачыўшы гэта, з будынка райаддзела выбег супрацоўнік і патушыў агонь.
У цяперашні час мужчына з апёкамі знаходзіцца ва ўстанове аховы здароўя.
Вядома, што ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў, таксама выказваўся пра спробы суіцыду. Паводле МУС, мужчына знаходзіцца на  ўліку ў медыцынскай установе.
Некалькі дзён таму мужчына тэлефанаваў у міліцыю з паведамленнем, што ён на могілках зводзіць рахункі з жыццём. Праваахоўнікі выехалі туды і прадухілілі яго дзеянні.
На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.