У сталічным Сухараве сотні дамоў засталіся без гарачай вады з-за прарыву цепламагістралі

У заходняй частцы Мінска днём у аўторак, 26 ліпеня, засталіся без вады сотні жылых дамоў, бальніцы, дзіцячыя сады, адміністрацыйныя будынкі. Падача вады была перакрытая з-за аварыі, праблема ўстараняецца. Пра гэта паведаміла «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка».

sucharava___suharava___suharevo__1_.jpg

Вада знікла перад поўдня. Спярша гаворка ішла аб магчымай няспраўнасці на ЦЭЦ-4, аднак затым было ўстаноўлена, што аварыя адбылася на цепламагістралі — яна аказалася пашкоджана на ўчастку паміж дамамі 94 і 102 па вуліцы Лабанка.

«Гарачае водазабеспячэнне часова адключана ў 13 дзіцячых садках, 130 жылых дамах, 3 лячэбна-прафілактычных і медустановах, 25 грамадскіх і адміністрацыйных будынках, 8 школах на вул.Бурдзейнага, Прытыцкага, Цімашэнкі, Адзінцова і Якубоўскага. Акрамя таго, гарачай вады няма таксама ў дзіцячых садках, школах, жылых дамах і грамадскіх будынках на вул. Скрыпнікава, Мазурава, Лабанка, Шамякіна, Панчанка, Сухараўскай, акадэміка Фёдарава, Шаранговіча, Люцынскай, Калеснікава, Налібоцкай, Каменнагорскай, Лідскай, Нёманскай, Жыновіча, Гаруна, Казіміраўскай, Ляшчынскага, Матусевіча, Прытыцкага, Кунцаўшчыне», — паведамілі камунальнікі.

Зараз няспраўнасць на цепламагістралі лакалізаваная, вядуцца работы па яе ліквідацыі. Спецыялісты займаюцца перападключэннем лініі ад ЦЭЦ-4 на кацельню «Заходняя», плануецца, што гэта ўдасца завяршыць да 17 гадзін, тады гарачая вада зноў з'явіцца ў жыхароў раёна.