У Свіслачы адбылася традыцыйная акцыя ўшанавання паўстанцаў 1863 года
Пра гэта паведамляюць удзельнікі акцыі ў сваіх сацсетках.

Фота Вадзіма Саранчукова
Ушанаванне паўстанцаў 1863 года ці Свіслацкі фэст, як яго ўжо традыцыйна называюць удзельнікі, ладзіцца штогод у апошнія выходныя кастрычніка ў Свіслачы Гарадзенскай вобласці.
27 кастрычніка 2019 года адбылася чарговая акцыя ўшанавання паўстанцаў. Мясцовыя актывісты і тыя, хто прыехаў з іншых гарадоў Беларусі, наведалі магілу Віктара Каліноўскага, усклалі кветкі і паставілі знічы да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.
«Героі жывуць, пакуль пра іх памятаюць!» — адзначыў на сваёй старонцы ў фэйсбуку гарадзенскі актывіст, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. У акцыі прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек.
У папярэднія гады ўдзельнікі і арганізатары Свіслацкага фэсту неаднаразова цярпелі пераслед за акцыю, атрымлівалі позвы ў суды і вялікія штрафы.
Паводле facebook.com