У шэф-рэдактара магілёўскага выдання прайшоў ператрус «з-за тэрарызму»

У шэф-рэдактара магілёўскага сайта 6ТV.by сілавікі зладзілі ператрус. А падчас допыту супрацоўнікі КДБ патрабавалі выдаліць сайт СМІ.

vyrvicz.png

Сілавікі зладзілі ператрус у доме шэф-рэдактара магілёўскага выдання 6ТV.by Барыса Вырвіча ў межах крымінальнай справы аб тэрарызме, піша 6tv.by.

Барыс Вырвіч распавёў, што ў яго забралі ўсю тэхніку ў межах «крымінальнай справы аб тэрарызме». А пасля Вырвіча адвезлі на допыт у мясцовы КДБ. «Мяне адвезлі ў Шклоўскі міжрайаддзел КДБ у якасці сведкі па крымінальнай справе. Іх цікавілі дэструктыўныя тэлеграм-каналы, наш сайт 6ТV.by і дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў. І яшчэ патрабавалі выдаліць сайт 6ТV.by. Потым адпусцілі, сказалі, што яшчэ выклічуць. Дарэчы, адна машына КДБ была з расійскімі нумарамі», — распавёў ён.

Нагадаем, што 13 ліпеня ў рэдакцыі выдання 6ТV.by прайшоў ператрус, падчас якога міліцыянты забралі тэхніку. На наступны дзень галоўнага рэдактара Дзмітрыя Салаўёва выклікалі на размову ў ГУБАЗіК. Пасля размовы ён з'ехаў з краіны.